Вы тут

Цырк ад дэсантнікаў з Брэста: агляд "кінашэдэўра" беларускага Мінабароны

"Паказуха" ад брэсцкіх дэсантнікаў / скрыншот відэа Мінабароны

Мінабароны Беларусі выкаціла чарговы крынжовы відэаролік. "Калі працуюць байцы 38-й Брэсцкай дэсантна-штурмавой брыгады — значыць, будзе горача!" — такі задзірысты подпіс суправаджае відэа, у якім салдаты ламаюць галавой шыфер, скачуць па паляне і імітуюць рукапашны бой.

Мабыць, такім чынам ідэолагі хочуць падняць прэстыж войска ў вачах беларусаў і запалохаць магчымага праціўніка. Але на жаль, атрымліваецца толькі крынж.

 

Суцэльная паказуха

Для тых, хто не знаёмы з вайсковай спецыфікай, тлумачым: у прапагандысцкім відэа дэманструецца паказальны выступ, на салдацкім жаргоне "паказуха". Як правіла, яна праводзіцца на розных "культурна-масавых мерапрыемствах", дзе за ўсім гэтым назіраюць цывільныя. Маўляў, глядзіце, што вайскоўцы ўмеюць.

На самай справе бравы паказальны выступ не адлюстроўвае рэальную падрыхтоўку войскаў. Сапраўдныя веды, навыкі і ўменні праяўляюцца на палігонах і ў часе баявых дзеянняў, а не ў акрабатычных эцюдах. Аднак ваеннае ведамства ўпарта выдае паказуху за "працу" дэсантнікаў, пасля якой павінна быць "горача".
 

Вайсковы балет

Пачынаецца ролік з таго, што разведчыкі круцяцца на адным месцы, сінхронна прысядаюць і падаюць, ходзяць тройкамі ў поўны рост на адкрытай мясцовасці, якая можа прастрэльвацца, перасоўваюцца, збіўшыся ў кучу (выдатная мішэнь!), і гэтак далей. Можа быць, вы бачылі такое на відэа рэальных баявых дзеянняў? Мы — не. Карацей, чаго толькі не зробіш дзеля прыгожай карцінкі.

На першым скрыншоце — "праца ў тройцы". На другім "тройкі" збіліся ў кучу, хутка па сцэнары з'явіцца паранены / скрыншот відэа Мінабароны

Калі і рабіць паказуху, якая дэманструе навыкі вайскоўцаў, то чаму б, напрыклад, не паказаць, як на пустой паляне раптам узнікаюць умела замаскаваныя пад рэльеф мясцовасці дэсантнікі? Але не. Замест гэтага Мінабароны прымушае салдат выконваць на камеру сумнеўныя па.
 

Цырк шапіто

Пасля "тактычных перамяшчэнняў" пачынаецца другая частка балета — імітацыя рукапашнага бою. Па адрэпетаваным сцэнары разведчыкі куляюцца ў пыле і кідаюць адзін аднаго на зямлю. Потым двое дэсантнікаў бяруць падпалены шнур і некалькі разоў пракручваюць яго пад салдатам, які падскоквае на руках. Што гэта — пагроза НАТА або цырк шапіто?

Так, на гэты перформанс ідуць вашы падаткі / скрыншот відэа Мінабароны

Думаеце, пасля гэтага крынжа самы час байцам прадэманстраваць навыкі стральбы або эфектна падарваць трацілавую шашку? Не, вайсковы харэограф так не лічыць. Аднаго з салдат бяруць пад рукі і ногі. Пасля кладуць яму на жывот абліты бензінам сілікатны блок, падпальваюць яго і разбіваюць кувалдай. Класіка.

Уявіце сабе баявую сітуацыю, у якой спатрэбіцца разбіць кувалдай сілікатны блок на жываце ў таварыша / скрыншот відэа Мінабароны

Шыфер адкажа за ўсё

Ну калі і пасля разбітага блока вы не паверылі ў моц беларускага войска, то наступны акт балета для вас.

Для чаго разведчыку галава? Мабыць, для таго, каб ламаць ёю шыфер з надпісам "РДР" (разведывательно-десантная рота). Менавіта гэтым займаецца салдат, які з разбегу скача на тонкі шэры аркуш.

Ну, аркуш шыферу, беражыся! / скрыншот відэа Мінабароны

Двуххвілінны ролік завяршаецца цыркавой пірамідай, збудаванай з салдат ССА.

Вось як умеем! / скрыншот відэа Мінабароны

Калі ў Мінабароны зразумеюць, што "паказуха" нікому не патрэбная?

Рэпетыцыі такога "балета" абіраюць у вайскоўцаў шмат часу, які можна было б выдаткаваць на вучобу ці адпачынак, а не на бескарысны, з прафесійнага пункту гледжання, занятак.

Хтосьці можа запярэчыць: дык гэта ж не баявая падрыхтоўка, гэта паказальны выступ. Маўляў, ён для таго і прыдуманы, каб уразіць публіку. Вось толькі ў чым пасля такой "паказухі" павінен пераканацца глядач? У тым, што беларускія разведчыкі ўмеюць разбіваць галавой шыфер? Або ў тым, што дэсантнікі ўмеюць падскокваць над падпаленым шнуром?

А можа быць, крынж-ролікі — гэта майстэрская хітрасць, закліканая аслабіць увагу НАТА? Зрэшты, тое, пра што думаюць ідэолагі-забаўнікі беларускага Мінабароны, — гэта ўжо зусім іншая гісторыя.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.