Цяжкасці з эвакуацыяй з Бахмута і новая дапамога ЗША — 373-я раніца вайны

Эвакуацыя з Бахмута / Нацыянальная паліцыя Украіны
Эвакуацыя з Бахмута / Нацыянальная паліцыя Украіны

Адразу некалькі надзвычайных здарэнняў у Расіі. Жыхары падмаскоўнай Каломны напярэдадні вечарам сталі пісаць пра выбух. Што гэта было, расійскія афіцыйныя асобы і СМІ, пакуль растлумачыць не могуць. Выбух "быў у паветры, гаворка можа ісці аб беспілотніку, яго абломкі яшчэ не выяўленыя", піша ТАСС са спасылкай на крыніцы ў праваахоўных органах.

А ў Бранскай вобласці каля вёскі Сушчаны на міне падарвалася машына Расгвардыі. Пра гэта паведаміў дэпутат Госудмы і экс-дарадца кіраўніка Расгвардыі Аляксандр Хінштэйн. Паводле яго слоў, чацвёра расгвардзейцаў атрымалі лёгкія аскепкавыя раненні, "іх жыццю і здароўю нішто не пагражае".

Расгвардзейцы займаліся размініраваннем тэрыторыі каля вёскі. Міны пакінулі, па сцвярджэннях расійскіх СМІ, "украінскія дыверсанты", якія ўчора ў Бранскай вобласці абстралялі аўтамабіль. Кіроўца аўтамабіля загінуў, раненні атрымала дзіця. Расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін назваў гэта "тэрактам". Адказнасць за інцыдэнт узялі на сябе прадстаўнікі "Рускага добраахвотніцкага корпуса " — фармавання расіян, якое ўваходзіць у інтэрнацыянальны легіён Тэрабароны Украіны. Яны заявілі, прыйшлі ў Бранскую вобласць, "каб паказаць суайчыннікам, што надзея ёсць, што свабодныя рускія людзі са зброяй у руках могуць змагацца з рэжымам".

Прадстаўнік ГУР Мінабароны Украіны Андрэй Юсаў назваў сітуацыю ў Бранскай вобласці "працягам трансфармацыі Расіі, яе ачышчэннем і вызваленнем ад дыктатуры Пуціна". А дарадца кіраўніка Офіса ўкраінскага прэзідэнта Міхаіл Падаляк мяркуе, што гісторыя пра ўкраінскія ДРГ у Расіі — гэта свядомая расійская правакацыя, адзначае Hromadske.

Сложности с эвакуацией из Бахмута и новая военная помощь США — 373-е утро войны
Міна ў Бранскай вобласці / @Hinshtein

За мінулыя суткі УСУ адбілі на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім і Шахцёрскім кірунках больш за 85 нападаў праціўніка, гаворыцца ў ранішняй зводцы ўкраінскага Генштаба.

Расіяне працягвалі абмежаваныя наземныя атакі на паўночны ўсход ад Купянска і наступальныя аперацыі вакол Крамянной. Вялі наступальныя аперацыі і вакол Бахмута. Аднак, па ацэнцы Інстытута вывучэння вайны, "расійскія войскі, падобна, часова згарнулі намаганні па атачэнні Бахмута як з паўднёвага захаду, так і з паўночнага ўсходу і, магчыма, замест гэтага засяродзяцца на аказанні ціску на ўкраінскія сілы на паўночным усходзе, каб прымусіць іх сысці з горада".

Між тым у самім Бахмуте застаюцца каля 5 тысяч чалавек, сярод іх — 37 дзяцей. Пра гэта распавёў кіраўнік Данецкай абласной вайсковай адміністрацыі Павел Кірыленка. Паводле яго, жыхары знаходзяцца ў розных раёнах гораду і ня хочуць выяжджаць. Некаторыя нават хаваюцца ад эвакуацыі.

"Бацькі, якія катэгарычна супраць эвакуацыі, абвінавачваюць нас, што мы іх сілай спрабуем вывезці. Яны ўпэўненыя, што перажывуць абстрэлы і застануцца ў горадзе", — адзначыў Кірыленка.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ўчора правёў чарговае пасяджэнне Стаўкі вярхоўнага галоўнакамандуючага. Казалі аб сітуацыі на фронце і апошнім абстрэле Запарожжа, калі ракета трапіла ў шматпавярхоўку і загінулі людзі. Пра гэта Зяленскі распавёў у вячэрнім відэазвароце.

"На сённяшні зверскі расійскі ракетны абстрэл Запарожжа будзе наш адказ — як ваенны, так і юрыдычны", — адзначыў ён.  Раніцай стала вядома, што ратавальнікі дасталі з-пад завалаў целы яшчэ двух чалавек. Учора, нагадаем, паведамлялі пра трох загінулых. Разбор завалаў працягваецца ўжо больш за суткі.

Зяленскі ў відэазвароце таксама распавёў, што на пасяджэнні стаўкі абмяркоўвалі сітуацыю на паўночнай мяжы краіны, а таксама асобна на кожным участку фронту.

"Камандуючыя выдатна разумеюць, што іх задача — рабіць усё, каб душыць агонь тэрарыстаў. І пастаянна працуем з партнёрамі над тым, каб дальнабойнасць нашых магчымасцяў расла", — адзначыў Зяленскі.

ЗША сёння абвесцяць аб новым пакеце вайсковай дапамогі Украіне, піша Reuters са спасылкай на прадстаўніка Белага дома Джона Кірбі. Са слоў Кірбі, у пакет увойдуць перш за ўсё боепрыпасы, "якія спатрэбяцца ўкраінцам для ўжо атрыманых імі сістэм узбраення". Гаворка ідзе, у прыватнасці, пра боепрыпасы для рэактыўных сістэм залпавага агню HIMARS і артылерыі. Пры гэтым ён не ўдакладніў агульную кошт новага пакета. Але паабяцаў, што дэталі будуць апублікаваныя найбліжэйшым часам. Reuters таксама адзначае, што дапамога Украіне стане асноўнай тэмай абмеркавання паміж прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам і канцлерам Германіі Олафам Шольцам падчас сённяшняй сустрэчы двух лідараў у Белым доме.

МАГАТЭ тым часам удалося правесці ратацыю сваёй групы экспертаў на Запарожскай АЭС. Пра гэта распавёў у сацсетках гендырэктар агенцтва Рафаэль Гросі. Нагадаем, станцыя знаходзіцца пад кантролем расіян. А ратацыя затрымалася больш чым на тры тыдні. Па словах Гросі, місія МАГАТЭ на Запарожскай АЭС "незаменная" для зніжэння рызыкі ядзернай аварыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі