Ціханоўская зноў заклікала беларусаў не хадзіць на "выбары"

Святлана Ціханоўская

Святлана Ціханоўская / прэс-служба Ціханоўскай

Лідарка дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў, заклікаючы іх не хадзіць на "выбары", абвешчаныя рэжымам Лукашэнкі. Яна называе гэтую кампанію "бязвыбары".

Ціханоўская згадала, што рэжым адмовіўся запрашаць назіральнікаў ад АБСЕ: "Тым самым ён чарговы раз пацвердзіў: галоўная задача гэтай кампаніі — замацаваць новую нармальнасць. Тую, дзе тысячы людзей, якія пярэчаць рэжыму, кідаюць у турмы, а дзяржава, імкнучыся ўтрымаць уладу, падтрымлівае вайну і штодня аддае за крэдыты часцінку сваёй незалежнасці Расіі".

Па словах Ціханоўскай, беларуская дыктатура адгароджваецца жалезнай заслонай не толькі ад навакольнага свету, але і ад саміх беларусаў. Як прыклад гэтага яна адзначыла, што асабістая свабода абмяжоўваецца, прыватны бізнэс душыцца, а на грамадскія ініцыятывы навешваюць ярлык "экстрэмістаў".

Лідарка дэмсілаў паабяцала зраюіць усё, "каб свет не пагадзіўся з гэтай "нармальнасцю" і не прыняў яе. Бо яна патрэбна толькі Лукашэнку і яго суседу, які вядзе вайну".

Яна зазначыла, што беларусы за мяжой могуць паўплываць на тое, як цывілізаваны свет успрыме кампанію ў Беларусі.

А да тых, хто застаецца ў краіне, Ціханоўская звярнулася так: "Вам жа па сілах зрабіць так, каб і ўнутры краіны яны ўспрымаліся як фарс. Не гуляйце ў гульню, якую навязвае рэжым — ігнаруйце бязвыбары. Адмовіўшыся ад удзелу ў гэтым падмане, вы пратэстуеце супраць "нармальнасці", якую будуе Лукашэнка. А гэта якраз тое, чаго рэжым баіцца больш за ўсё".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі