Ціханоўская заклікала парламентарыяў ЕС падтрымаць еўрапейскі выбар Беларусі

Святлана Ціханоўская

Святлана Ціханоўская / @tsikhanouskaya

Святлана Ціханоўская выступіла на саміце спікераў парламентаў ЕС і заклікала ўдзельнікаў падтрымаць еўрапейскую перспектыву для Беларусі. Яна падкрэсліла: беларусы не хочуць быць часткай "рускага свету".

"І гаворка ідзе не толькі пра лепшае жыццё. Гэта пытанне нашага выжывання як нацыі. Дыктатары не спыняцца, пакуль іх не спынім мы. Іх нельга ўлагодзіць. Іх нельга перавыхаваць. Іх можна толькі перамагчы", — адзначыла яна. Святлана Ціханоўская мяркуе, што парламентарыі могуць змяніць сітуацыю.

"У адрозненне ад многіх, вы можаце называць рэчы сваімі імёнамі: Лукашэнка і Пуцін злачынцы. А Беларусь — гэта Еўропа, а не Расія. Падтрымайце еўрапейскія памкненні беларусаў. Трэба, каб, калі надыдзе час, дзверы ЕС былі адчыненыя для нас", — падкрэсліла Ціханоўская. Яна заклікала еўрапейскіх парламентарыяў выступаць з заявамі і арганізоўваць слуханні па Беларусі, ствараць групы ў падтрымку дэмакратычнай Беларусі ў сваіх парламентах і даваць ім афіцыйны статус. "Пакажыце на практыцы, што вы прызнаеце дэмакратычную Беларусь, а не нелегітымны рэжым у Мінску", — заклікала лідар дэмсіл Беларусі.

Яна таксама распавяла, што на наступным тыдні плануе падпісаць мемарандум аб супрацоўніцтве з Еўрапейскім парламентам. "Так, раней так не рабілі. Мы жывем у няпростыя часы, калі простых рашэнняў недастаткова", — адзначыла Святлана Ціханоўская.

Flowers Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі