Ціханоўская заклікае галасаваць на выбарах у Каардынацыйную раду
Святлана Ціханоўская / t.me/tsikhanouskaya
Святлана Ціханоўская заклікае беларусаў паўдзельнічаць у выбарах у Каардынацыйную раду чацвёртага склікання. Адпаведны зварот з'явіўся ў яе тэлеграм-канале.
Выбары пройдуць з 11 да 17 траўня. Спаборнічаць паміж сабой будуць дзевяць зарэгістраваных спісаў. На 80 месцаў у Каардынацыйнай радзе прэтэндуюць 174 чалавекі.
"З 11 да 17 траўня ў нас ёсць магчымасць зрабіць яшчэ адзін важны крок — паказаць, што грамадзянская супольнасць жывая, дзейнічае і мае свой голас", — кажа лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў. Яна заклікае ўважліва вывучыць кандыдатаў і іх праграмы перад галасаваннем.
"Свядомы выбар пачынаецца з разумення. Чым лепш мы ведаем, за каго і за што галасуем, тым мацнейшай будзе наша агульная пазіцыя. Менавіта сёння час чытаць, параўноўваць, унікаць у сутнасць і вызначацца — каб наш голас быў не проста голасам, а адказным выбарам для будучыні Беларусі", — дадала яна.