Вы тут

Ціханоўская заклікае ўлады спыніць гвалт

Святлана Ціханоўская / Марыя Вайтовіч, Еўрарадыё

Святлана Ціханоўская ў ноч на 10 жніўня звярнулася да беларускіх уладаў з заклікам прадухіліць гвалт. Пра гэта Еўрарадыё распавяла Марыя Калеснікава, каардынатар штаба Ціханоўскай.

"Святлана Ціханоўская афіцыйна звярнулася да ўладаў і праваахоўных органаў з заклікам прадухіліць гвалт, каб яго спыніць. Мы гатовыя гэтаму спрыяць. Калі ёсць магчымасць для дыялогу, мы гатовыя ўступіць у дыялог ", — кажа Калеснікава.

Ўражаннямі ад пратэстаў у Мінску ў штабе Ціханоўскай падзяліцца пакуль не гатовыя. У памяшканні па Веры Харужай адсутнічае інтэрнэт. "Я нават не магу даведацца, колькі людзей выйшла на вуліцы, — прызнаецца Марыя Калеснікава. — У мяне няма карціны таго, што адбываецца. Але мы робім усё, што ў нашых сілах, для таго, каб гвалту не было ".

Пасля таго, як у раёне 20:00 па дзяржаўнаму тэлебачанню аб'явілі вынікі экзіт-полаў (Аляксандр Лукашэнка атрымаў амаль 80%, Святлана Ціханоўская — 6,8%), на вуліцы беларускіх гарадоў выйшлі тысячы пратэстоўцаў. У Мінску пратэсты перараслі ў сутыкненні з сілавікамі.

Штаб Святланы Ціханоўскай паведамляе аб вялікай колькасці выбарчых участкаў, на якіх яна перамагла Аляксандра Лукашэнку нават паводле афіцыйных падлікаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.