Вы тут

Ціханоўская: "Супрацоўнікі МУС, АМАП, што вы робіце?" (відэа)

Святлана Ціханоўская / Еўрарадыё

Увечары 14 ліпеня Святлана Ціханоўская запісала эмацыйны відэазварот. 

Яе першы выступ у якасці кандыдаткі ў прэзідэнты быў пра вулічную акцыю, якая прайшла ў Мінску і іншых гарадах увечары таго ж дня. 

"Дарагія мае беларусы! Паводле ўсіх законаў жанру я павінна запісаць нейкі відэазварот з нагоды рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты. Але як я магу пра гэта думаць, калі я бачу, што адбываецца на вуліцах Мінска і ў іншых гарадах нашай рэспублікі! 

Супрацоўнікі МУС, АМАП, што вы робіце? Вы проста збіваеце сваіх маці, сясцёр, братоў, дзяцей. Людзі выйшлі на мірны пратэст, людзі выйшлі, каб выказаць сваю незадаволенасць існуючай сістэмай. Людзі выйшлі за сваё жаданне жыць у свабоднай краіне, жаданне мець сумленныя выбары. Навошта вы сваімі дзеяннямі распальваеце ў сэрцах людзей яшчэ больш негатыўных эмоцый да сістэмы? Вы разумееце, што вашымі рукамі творыцца генацыд? Спыніцеся, калі ласка, мне балюча глядзець на ўвесь гэты "беспрадзел", што адбываецца цяпер. Спыніцеся, я вас прашу!" — заявіла Ціханоўская.

У Мінску і іншых гарадах 14 ліпеня прайшлі стыхійныя вулічныя акцыі. Гэта адбылося пасля нерэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы, якія набралі подпісаў больш за ўсіх сярод альтэрнатыўных прэтэндэнтаў. Паводле звестак праваабарончага сайта "Вясна", міліцыя затрымала толькі ў Мінску каля 200 чалавек, у тым ліку паўтара дзясятка журналістаў. Затрыманні адбыліся таксама ў Пружанах, Гомелі, Брэсце, Салігорску, Бабруйску, Гродне, Стоўбцах.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.