Вы тут

Ціханоўская распавяла Абаму пра рэпрэсіі ў Беларусі і пагутарыла пра Украіну

Святлана Ціханоўская і Барак Абама / афіцыйны тэлеграм-канал нацыянальнай лідаркі

18 чэрвеня ў Капенгагене Святлана Ціханоўская сустрэлася з былым прэзідэнтам ЗША Баракам Абамам. Гэта ўжо трэці кіраўнік ЗША — былы ці дзеючы — з якім нацыянальная лідарка размаўляе пра Беларусь.

"Я распавяла пра беларускіх актывістаў, журналістаў, апошнія рэпрэсіі супраць прафсаюзных лідараў і партызанаў. Канечне, абмяркоўвалі вайну ва Украіне. Мы згодныя, што цяпер ва Украіне вырашаецца будучыня і Украіны, і Беларусі, а таксама ўсёй Еўропы", — распавяла пра сустрэчу з Абамам Ціханоўская.

Па словах беларускага палітыка, сустрэча была вельмі цёплай. Падчас яе атрымалася закрануць тэмы праграмаў для рэпрэсаванай моладзі і студэнцтва. Таксама Святлана папрасіла амерыканскага палітыка зрабіць Беларусь фокусам ягонай арганізацыі Young Obama leaders і запрашаць маладых лідараў да ўдзелу ў міжнародных трэнінгах і стажыроўках.

Барак Абама пасля двух тэрмінаў на пасадзе прэзідэнта ЗША займаецца грамадскай дзейнасцю. У працы яго арганізацыі Young Obama leaders ужо сёння ўдзельнічаюць беларусы. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.