Вы тут

Ціханоўская не будзе ствараць партыю і не пойдзе на наступныя выбары

Святлана Ціханоўская / t.me/tsikhanouskaya

Каманда Святланы Ціханоўскай працуе над падрыхтоўкай перамоваў з беларускімі ўладамі. Пра гэта яна заявіла 9 красавіка, адказваючы на пытанні карыстальнікаў у жывым эфіры на сваім Youtube-канале.

Ціханоўская сказала, што працэс гэты ідзе не вельмі актыўна, бо ў Беларусі пануе страх. Аднак чыноўнікі, па яе словах, не маналітныя: "Кантакты ёсць, і мы пастаянна атрымліваем інфармацыю з розных міністэрстваў. Мы бачым, што аб адзінстве, якое прапагандуе рэжым, гаворкі не ідзе".

Разам з тым яна заявіла, што без вызвалення палітвязняў перамовы будуць немагчымыя, таму неабходны адпаведны ціск на беларускія ўлады. 

Ціханоўская расказала, што цяпер ідуць перамовы пра магчымасць яе сустрэчы з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам і прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.

Яна паведаміла, што на наступныя прэзідэнцкія выбары не пойдзе і ствараць сваю партыю не будзе. Аднак да стварэння партыяў Віктарам Бабарыкам і Паўлам Латушкам паставілася добра. "У іх стварэнні няма нічога дрэннага. Наша задача — стварыць нармальную палітычную атмасферу, каб гэтыя партыі маглі існаваць як у дэмакратычных краінах", — мяркуе яна.

Ціханоўская падтрымала выказванне Латушкі, што Беларусь павінна стаць парламенцка-прэзідэнцкай рэспублікай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.