Ці забароняць у Беларусі замежныя памідоры і гуркі?

Дзяржава збіраецца абмежаваць імпарт харчавання ў краіну на 40 адсоткаў. Гэта зацверджана ў новых параметрах асноўных мэтавых паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2007 год. Зараз аналізуецца, імпарт якіх відаў тавараў абмежаваць. Адно ясна, што
тавары павінны быць такімі, якія мы лёгка зможам замяніць айчыннымі
аналагамі.

Днямі Аляксандр Лукашэнка наведаў Мінскую фабрыку гародніны, дзе
адчыніліся 17 гектараў новых парнікоў. Вось дзе расце будучы
імпартазамяшчальны ўраджай!

Еўрарадыё вырашала даведацца: што будзе, калі пад скарачэнне трапіць гародніна і садавіна?

Спачатку мы вырашылі звярнуцца ў НДІ пладаводства Нацыянальнай акадэміі
навук, дзе нам паведамілі, што беларускіх яблык хопіць, каб пакрыць
усе рынкі краіны і, такім чынам, цалкам адмовіцца ад замежных аналагаў.

Распавядае намеснік дырэктара па навуковай працы НДІ пладаводства НАН
Анатоль Крыварот:


“Пладаводы да 2010 году могуць усім забяспечыць. Канешне, калі ўсё
будзе добра з фінансаваннем праграмы пладаводства, якая распрацавана да
2010 году і зараз у яе ўносяцца змены, калі яна будзе цалкам
рэалізавана і не будзе ніякіх перашкод з боку мясцовых улад і зноў жа,
калі будзе цалкм забяспечана фінансаванне. У прынцыпе, нават на экспарт
зможам даваць”.

Еўрарадыё адразу вырашыла правесці паралель, якія яблыкі на рынку
набываюць часцей – беларускія ці замежныя? Для гэтага наш карэспандэнт
наведаў Камароўскі рынак і апытаў прадавачак. Перамаглі замежныя:


Прадавачка
: “Яблыкі больш набываюць замежныя, а не беларускія. Таму што
беларускія не маюць такога спецыфічнага смаку, які маюць замежныя”.

З гароднінай таксама не ўсё так гладка. На сённяшні дзень на Камароўскім
рынку мы заўважылі толькі адно месца, дзе гандлявалі памідорамі са
Ждановіч… А вось турэцкіх памідораў хоць адбаўляй, дый па кошце яны
аказаліся таннейшыя.

Каб даведацца, якая гародніна вырошчваецца ў нашай краіне, Еўрарадыё
звярнулася на Мінскую фабрыку гародніны. Распавядае намеснік дырэктара
па вытворчасці Уладзімір Капейка:


“Зараз у нас вырошчваюцца гуркі, таматы, перцы, баклажаны. З гэтага
году – зялёная цыбуля. Арганізуем вытворчасць салатаў.

У перспектыве мы
збіраемся будаваць новыя парнікі – 3 гектары, дзе будзем вырошчваць
гуркі і таматы цэлы год, там будзе светлакультура.

Вы ж разумееце, што
нашая светлавая зона, калі вялікія ночы, кароткія дні, мала
асвятлення — гэта лістапад, снежань, студзень, люты. У гэты час нашай
прадукцыі практычна няма. Вось з будаваннем новых парнікоў мы гэтую
дзірку крыху закрыем”.


У вялікім асартыменце Камароўкі менавіта беларускую гародніну знайсці
амаль немагчыма, канешне, не ўлічваючы бульбу і моркву. Напрыклад, на
пытанне, ці ёсць зараз на рынку беларускі перац, нашаму карэспандэнту
адказалі:


Прадавачка
: “Восенню будзе беларускі перац, толькі восенню. Зараз перац
прывазны, канешне. Зараз усё амаль прывазное, мала беларускага тавару.

Яблыкі беларускія, морква, бульба, бурак, усё з ураджаю мінулага году.
Памідораў беларускіх? Не, яшчэ няма. Памідоры па сезоне летам, з
чэрвеня па кастрычнік”.

А да чаго могуць прывесці такія змены, калі ўсё ж такі мы згубім сорак
адсоткаў замежнай прадукцыі? У гэтым пытанні нам дапамог разабрацца
былы міністр сельскай гаспадаркі Васіль Лявонаў:


“Канешне, будзе рост коштаў. Калі няма канкурэнцыі, рост коштаў
непазбежны. А потым, як гэта не будзе імпартнай прадукцыі?

Тады
беларусам таксама забароняць што-небудзь прадаваць. Значыць, тады
беларусам скажуць не вазіць сваю прадукцыю. Існюць жа правілы стасункаў
паміж людзьмі, такія ж і ў гандлі.

Нельга ж зачыніць свой рынак і
лічыць, што хто-небудзь адкрые свой? Так немагчыма рабіць. Глядзіце,
што здарылася з Расіяй. Пачалі-то абмяжоўваць піва, пятае-дзесятае. Ну
і вось… Расіі таксама закруцілі шрубкі… Усё…

Гэта спроба ізаляваць
Беларусь ад іншых. Аднак, мякка кажучы, ізаляцыі скончаваюцца сумна для
той краіны, якая ізалюецца”.

Дый на рынках да такіх пераменаў яшчэ не падрыхтаваныя. Калі мы
растлумачылі, што ў хуткім часе можа знікнуць замежная прадукцыя, нас
сустрэла вельмі бурная рэакцыя:


Прадавачка
: “Яшчэ чаго! Вы што! Які калгас будзе сюды ўсё прывозіць?
Дзе ён столькі вырасціць? Калі не будзе імпартнай прадукцыі – не будзе
тут і ніякага рынку! Нідзе не будзе!

А ў крамах што? У крамах няма
беларускага, там тое ж самае. А зімой што прадаваць? Паглядзім, ці
будзе такое, але я нешта сумняваюся…”


Кошт беларускай і імпартнай прадукцыі на рынку:

Беларускія

Замежныя

Памідоры

6500 б.р.

Турцыя 6000
б.р. Гішпанія 6000 б.р.

Яблыкі

2500 б.р.

Італія 2500
б.р. Галандыя 5000 б.р. Польша 2500 б.р.

Груша

няма на рынку

Галандыя 3500
б.р. Аргенціна 3500 б.р.

Баклажаны

няма на рынку

Гішпанія 7500
б.р.

Гуркі

7000 б.р.

Галандыя 7500 б.р.

Перац чырвоны

няма на рынку

Італія 10000
б.р. Галандыя 10000 б.р.

Фота - photo.bymedia.net