Ці ўяўляе ДАІ, як спыніць уцекача без “жывога шчыта”?

Еўрарадыё вырашыла разабрацца, якім чынам, калі не з дапамогай “жывога шчыта”, можна было спыніць уцекача, што імчаў з хуткасцю звыш 160 кіламетраў у гадзіну. Тым больш, што інспектарам ДАІ зараз прыйдзецца адказваць за свае дзеянні. Начальнік упраўлення ДАІ Міністэрства ўнутраных спраў Аляксандр Мендзелеў нічога ўцямнага на гэты конт адказаць не здолеў. Акрамя таго, што інспектары павінныя былі зрабіць усё магчымае, каб не пацярпелі людзі. Калі ж Еўрарадыё запыталася, што б рабіў канкрэтна ён, калі б у той момант апынуўся на трасе, адказаў, што арыентаваўся б на месцы.

Аляксандр Мендзелеў: “Розныя сродкі можна выбіраць. Так не адкажаш. Няма той таблеткі -- адной на усе выпадкі. Гэта была нядзеля, плыні аўтамабіляў ідуць, іншыя пытанні ўзнікаюць. Няма адной таблеткі. Невядома, хто там у машыне сядзіць. Першапачатковае парушэнне – не вядома, можа, там нейкае перапалоханае дзіцё едзе? Ніхто ж не ведаў, што там нецвярозы кіроўца сядзіць, тройчы асуджаны”.

Звярнулася Еўрарадыё з тым жа пытаннем і да выканаўцы абавязкаў начальніка ДАІ Слуцку Аляксандра Тумаса. Нагадаем, што менавіта інспектары слуцкага ДАІ вялі пераслед парушальніка-ўцекача амаль да самага Мінску. Але выканаўца абавязкаў не толькі не захацеў разважаць на тэму, што б ён зрабіў на месцы сваіх падначаленых, але і ўвогуле адмовіўся ад любых каментароў.

Аляксандр Тумас: “Ведаеце, я ад любых каментароў на гэтую тэму адмаўляюся”.

Свае прапановы, як трэба было паступіць інспектарам пры затрыманні ўцекача на трасе Мінск-Мікашэвічы, выказаў Еўрарадыё толькі намеснік начальніка рэспубліканскага ДПС Ігар Ваніцкі. Па яго словах, неабходна было не “шчыт” выстаўляць, а заварочваць парушальніка на кальцавую дарогу.

Ігар Ваніцкі: “Калі б час быў у мяне, я б накіраваў транспартныя плыні на кальцавую дарогу, а пасля кальцавой дарогі рассцяліў бы “шыпы”.

Па словах экспертаў, калі на хуткасці ў 160 кіламетраў, з якой імчаў аўтамабіль парушальніка, шыпы прабіваюць кола – машына абавязкова вылятае ў кювет, і шанцаў камусьці з пасажыраў застацца ў жывых няма. Але намесніка начальніка ДПС гэта не спыніла б. Кажа, іншага выйсця не бачыць.

Ігар Ваніцкі: “Іншага выйсця я не бачу. А калі б ён урэзаўся ў рэйсавы аўтобус гарадскога маршрута, і калі б гэта ўсё разам загарэлася б? І ўсе гэтыя людзі не паспелі выскачыць? Што б тады было?”

Па яго словах, інспектары па інструкцыі мелі права скарыстаць для спынення ўцекача машыны выпадковых людзей. Але больш падрабязна тлумачыць і разважаць на гэтую тэму ён не захацеў.

Ігар Ваніцкі: “Мы мелі такое права. Але я не буду пераказваць, што мы павінны былі рабіць па інструкцыі”.

Пра тое, як можна затрымаць і спыніць машыну, якая імчыць на хуткасці звыш 160 кіламетраў у гадзіну, Еўрарадыё запыталася ў кіраўніка школы экстрэмальнага кіравання аўтамабілем Сяргея Аўчыннікава. Па яго словах, любая спроба спыніць машыну на такой хуткасці з дапамогай шыпоў, кулі альбо тарана ў задні бампер уцекача машынай ДАІ, прывяло б да смяротнага выніку. А ў апошнім выпадку – і да смерці інспектараў.

Сяргей Аўчыннікаў: “Спробы праколу колаў і іншае ўздзеянне шляхам тарана, то гэта 4 трупы ў адной машыне і тая машына, якая будзе выконваць таран, малаверагодна, што застанецца на дарозе. Такім чынам, гэта -- проста забіць усіх людзей”.

Адзінае, што можна было, на яго думку, зрабіць не рызыкуючы жыццямі людзей – паступова “збіваць” хуткасць уцекача перашкодамі. Праўда, зазначыў, што на гэта патрэбны час.

Сяргей Аўчыннікаў: “Толькі паэтапнае зніжэнне хуткасці – нейкія перашкоды ставіць, каб машына паступова зніжала хуткасць. Пілоны, канешне, аб’язджаць ён не будзе, але рух трэба было паступова звесці ў адзін рад. Наколькі магчыма гэта было зрабіць? Я мяркую, што наўрад ці”.

Як раней паведамляла Еўрарадыё, пракуратура распачала крымінальную справу па здарэнні на трасе Мінск-Мікашэвічы. Ідзе следства. А як паведаміў начальнік упраўлення ДАІ МУС Аляксандр Мендзелеў, яны праводзяць унутранае расследаванне. І казаць, што чакае інспектараў, якія праводзілі “затрыманне”, пакуль рана.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі