Ці ўвядуць бязвізавы рэжым пасля канфлікту вакол Саюза палякаў?

Еўрарадыё высвятляла, ці пойдзе на гэта польскі Сейм ва ўмовах канфлікту з нашай краінай.

Канфлікт вакол Саюза палякаў у Беларусі выклікаў бурную рэакцыю ў Варшаве. Шэраг беларускіх чыноўнікаў могуць стаць неўязнымі ў суседнюю краіну, а прэзідэнт Лех Качыньскі зацвердзіў план дзеянняў адносна нашай краіны. З рэзкімі выказваннямі выступілі і польскія дэпутаты. 
Нагадаем, 12 лютага ў Варшаве міністры замежных спраў Беларусі і Польшчы падпісалі Дамову аб малым прыгранічным руху. Яна дазволіць сотням тысяч жыхароў памежных тэрыторый абедзвюх краін без візы перасякаць мяжу.
Але для таго, каб Дамова пачала дзейнічаць, яе мусяць ратыфікаваць парламенты і прэзідэнты Беларусі і Польшчы.
Нягледзячы на канфлікт, чыніць перашкодаў ратыфікацыі дамовы польскія парламентарыі не збіраюцца. Такое меркаванне выказаў у размове з Еўрарадыё прэс-сакратар фракцыі апазіцыйнай партыі "Права і справядлівасць" Марыюш Блашчак.
Марыюш Блашчак: "Лічым, што гэтае пагадненне мусіць быць ратыфікаванае. Яно карыснае абодвум бакам — і польскаму, і беларускаму".
Дэпутат самай вялікай у Сейме партыі "Грамадзянская платформа" Роберт Тышкевіч, які  ўзначальвае парламенцкую групу па справах з Беларуссю, мяркуе, што яго партыя таксама выступіць за ратыфікацыю, бо ў адваротным выпадку пацерпяць простыя людзі.
"Лічу, што гэтая дамова вельмі карысная як для польскай меншасці, так і для ўсіх іншых грамадзян Беларусі. Таму і варта было сустрэцца з Мартынавым для падпісання дамовы. Сёння беларускія рэаліі цяжкія, але гэта — канкрэтная дапамога грамадзянам Беларусі, якая адкрывае свабодныя кантакты з Польшчай і Еўрапейскім Саюзам", — адзначыў Роберт Тышкевіч
Польскі дэпутат Тышкевіч мяркуе, што ратыфікацыя будзе аднагалоснай, а сам бязвізавы рэжым можа пачаць дзейнічаць ужо ў ліпені.
Пасля ратыфікацыі польскага Сейму пад Дамовай мусіць падпісацца і прэзідэнт Польшчы. Але перашкодаў не павінна быць і з яго подпісам, упэўнены Роберт Тышкевіч.
Нагадаем, дэпутаты "Грамадзянскай платформы" і "Права і справядлівасці" займаюць больш за 80% месцаў у ніжняй палаце польскага парламента у Сейме. У верхняй палаце — Сенаце – 99 сенатараў са ста таксама прадстаўляюць гэтыя дзве партыі.
Фота Сейма: bi.gazeta.pl
Глядзі таксама:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі