Ці ўплывае візіт Пазняка ва Украіну на пазіцыі Ціханоўскай? Меркаванне Шрайбмана

Арцём Шрайбман у студыі Еўрарадыё / Euroradio
Арцём Шрайбман у студыі Еўрарадыё / Euroradio

Захад працягне прызнаваць Святлану Ціханоўскую, а афіцыйны Кіеў і да візіту Зянона Пазняка ва Украіну не прызнаваў Офіс валідным суразмоўцам. Пахісне візіт Пазняка пад Бахмут пазіцыі Офіса? Пра гэта мы пагаварылі з палітычным аналітыкам Арцёмам Шрайбманам.

— Што можа азначаць дэсант Зянона Пазняка і яго прыхільнікаў ва Украіну? З чым можа быць звязаная такая актывізацыя палітыка? Ці можа яна чымсьці нашкодзіць фігуры Святланы Ціханоўскай?

— Правільней спытаць у самога Пазняка і яго паплечнікаў, навошта гэта трэба. Мы бачым прыкметы кансалідацыі правага лагера беларускай апазіцыі, які апаніруе не толькі Лукашэнку, не толькі Крамлю, але і Ціханоўскай і сілам, афіляваным з Ціханоўскай.

Матываваны, самы непрымірымы лагер. Не выпадкова ён уключае ў сябе і полк Каліноўскага, і рух "Супрацаў". Я так разумею, што Пазняк адчувае ідэйную блізкасць з гэтым лагерам і, адпаведна, хоча да іх неяк далучыцца, або ўзначаліць, або проста стварыць нейкі альянс.

Повлияет ли визит Позняка в Украину на позиции Тихановской? Мнение Шрайбмана
Зянон Пазняк у Бахмуце / фота прэс-службы палка Каліноўскага

Я не думаю, што гэта неяк наўпрост шкодзіць пазіцыям Ціханоўскай, бо канкурэнцыі за галасы ў Беларусі цяпер не адбываецца. Інфармацыйны выхад на беларускую аўдыторыю ва ўсіх гэтых груп і лагераў мінімальны, ён нават у Ціханоўскай не велізарны. А ўжо тым больш — у нейкіх новых кааліцый супраць Ціханоўскай.

А з міжнароднай легітымнасцю? Ва Украіне Ціханоўскую і так не асабліва лічаць нейкім валідным суразмоўцам. А на Захадзе нічога не зменіцца — там яе працягнуць прызнаваць. Таму, шчыра кажучы, я сумняваюся, што гэты візіт на нешта паўплывае. Там, дзе ў Ціханоўскай ужо зніклі магчымасці, у прыватнасці, ва ўнутранай палітыцы, іх яшчэ менш не стане.

Напэўна, ускладніцца наладжванне кантактаў з Украінай, таму што гэтыя палітыкі правага крыла будуць расказваць сваім украінскім суразмоўцам пра тое, што Ціханоўская — агент Крамля. І з гледзішча наладжвання кантактаў з афіцыйным Кіевам гэта можа Ціханоўскай нашкодзіць. Але ў астатнім не бачу вялікай шкоды.

— Ці можа Пазняк у такім выпадку зрабіцца "афіцыйным прадстаўніком беларускага народа" ва Украіне? Хто можа стаяць за лабіраваннем яго фігуры ў Кіеве і за чый кошт гэты банкет?

Я не разумею, хто выдае пасведчанні афіцыйнага прадстаўніка беларускага народа. А наконт лабіравання яго фігуры ў Кіеве ў мяне няма інфармацыі.

Відавочна, што ёсць людзі, якія дапамагаюць яму перамяшчацца і ўязджаць у краіну. Але знайсці паплечнікаў у Вярхоўнай Радзе сярод хаця б тых, з кім сустракаўся полк Каліноўскага, не складзе праблемы. Не патрэбныя высокаўзроўневыя сувязі, каб цябе ўпусцілі ў краіну.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі