Ці сталі больш дэмакратычнымі выбары пасля змены заканадаўства?

Па вялікім рахунку, змены вельмі неістотныя, а часам не перамянілася нічога, адзначыў падчас прэс-канферэнцыі старшыня БХК Алег Гулак:

“Змены, якія былі ўнесеныя ў Выбарчы кодэкс (стварэнне выбарчых камісій, вылучэнне і рэгістрацыя кандыдатаў і правядзенне агітацыі) пэўным чынам наблізілі беларускае выбарчае заканадаўства да дэмакратычных стандартаў, але яны не прывялі да сістэмных і якасных зменаў у ходзе выбарчай кампаніі.

Як і ў мінулыя гады, выбарчая кампанія суправаджалася такімі ж сур’ёзнымі адступленнямі ад дэмакратычных стандартаў”.




Нягледзячы на ўнесеныя ў Выбарчы кодэкс змены, згодна з якімі выбарчыя камісіі фарміруюцца, як правіла, з не менш чым адной траціны прадстаўнікоў палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў, прадстаўніцтва апазіцыйных партый у выбарчых камісіях было зведзена да мінімуму.

Гулак: “Да паловы сяброў выбарчых камісій з’яўляюцца прадстаўнікамі перш за ўсё грамадскіх аб’яднанняў. Палітычных партыяў там вельмі мала. І перш за ўсё гэта праўладныя партыі. На практыцы мы пабачылі, што персанальны склад выбарчых камісій змяніўся вельмі неістотна”.

Таксама пагоршыліся і ўмовы правядзення перадвыбарнай агітацыі. Станоўчыя змены ў выбарчым заканадаўстве на практыцы не былі скарыстаныя, адзначыў Алег Гулак:

“Пры тым, што змены, якія былі ўнесены ў Выбарчы кодэкс, выглядалі больш дэмакратычнымі, чым да гэтага, на практыцы дзіўным чынам адбылося горш, чым на мінулых парламенцкіх выбарах.

Мясцовыя выканкамы адвялі такія нязручныя месцы для правядзення агітацыі, і адвялі іх вельмі мала. У выніку магчымасці для правядзення агітацыйных мерапрыемстваў былі вельмі невялікія”.


Найлепшай зменай апынулася працэдура рэгістрацыі кандыдатаў: яна рэальна прайшла больш дэмакратычна і празрыста ў параўнанні з папярэднімі выбарчымі кампаніямі. Рэзалі кандыдатаў менш, але тут назіраецца іншая тэндэнцыя — яны здымаліся самі, таму ў большасці акругаў выбары былі безальтэрнатыўнымі.

Пра парушэнні ў дзень падліку галасоў расказаў юрыст ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч. Паводле яго словаў, 75,5% незалежных назіральнікаў не мелі магчымасці наглядаць за падлікам галасоў. Іншыя 24% маглі знаходзіцца каля сталоў, але сама працэдура падліку заставалася нязменнай.

Стэфановіч: “Падлік праходзіў маўкліва, калі член камісіі падлічваў свой стос бюлетэняў, перадаваў старшыне камісіі на паперцы лічбы свайго выніку падліку або паведамляў шэптам старшыні камісіі. У гэтай сітуацыі назіральнікі, нават якія стаялі каля стала для падліку галасоў, не мелі агульнай карціны падліку галасоў”.

Раздзельны падлік галасоў не праводзіўся на палове ўчасткаў, працягвае Стэфановіч:

“49% нашых назіральнікаў адказалі, што такога падліку не адбывалася. Усе бюлетэні скідваліся адначасова разам і адбываўся падлік усіх бюлютэняў разам”.

Паводле словаў праваабаронцы, там, дзе асобны падлік адбыўся, часта кандыдаты ад апазіцыі перамагалі ў асноўны дзень выбараў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі