Ці сапраўды ва Украіне чакаюць добраахвотнікаў з-за мяжы?

Ці сапраўды ва Украіне чакаюць добраахвотнікаў з-за мяжы?

Днямі на старонцы атрада “Пагоня” ў сацсетках з’явілася інфармацыя з прапановай да ўсіх жадаючых — запісвацца ў атрад. Праўда, патэнцыйных ахвотнікаў паўдзельнічаць у канфлікце на Данбасе на баку Украіны аўтары звароту папярэджваюць: “Кожны, хто жадае трапіць у Атрад павінен усведамляць сітуацыю, у якой існуюць беларускія добраахвотнікі ва Украіне: 1) ёсць верагоднасць, што ў Беларусь вы ўжо вярнуцца не зможаце, 2) на дадзены момант украінская ўлада не дае ўкраінскага грамадзянства замежным добраахвотнікам, і калі гэта зменіцца, застаецца пытаннем адкрытым”.

 

Абедзве перасцярогі — праўда. Наконт праблем для ўдзельнікаў баявых дзеянняў па вяртанні на радзіму папярэджваў старшыня КДБ Валерый Вакульчык, адказваючы на пытанне Еўрарадыё:“Яны пайшлі туды забіваць людзей. А потым яны прыедуць сюды, будуць сярод нас. А яны маюць вопыт і прывыклі падчас таго, што там адбываецца, забіваць людзей. І гэтыя людзі павінны разумець, што рана ці позна ім давядзецца адказваць”.

Ці сапраўды ва Украіне чакаюць добраахвотнікаў з-за мяжы?

А пра праблемы з атрыманнем украінскага грамадзянства ў інтэр’ю Еўрарадыё распавядаў беларус з пазыўным “Док”, які ваюе ў складзе ДУК “Правы сектар”. Толькі гэта далёка не ўсе праблемы, з якімі могуць сутыкнуцца добраахвотнікі-замежнікі, прызнае дарадца міністра ўнутраных спраў Украіны Арсена Авакава Антон Герашчанка, каментуючы нам зварот да беларусаў ад імя "Атрада “Пагоня”".

 

“Калі гаворка ідзе пра цывільную службу ці пра выкананне нейкіх дапаможных задач, то заканадаўства не забараняе выконваць гэта вольнанаёмным асобам. Аднак насіць пагоны і мець зброю да прыняцця адпаведнага закона могуць толькі грамадзяне Украіны”, — кажа Герашчанка.

 

Закон, пра які кажа дарадца міністра і дэпутат Вярхоўнай Рады Антон Герашчанка, дазволіць замежным грамадзянам служыць па кантракце ва Узброеных сілах Украіны. Дэпутатамі гэты законапраект прыняты пакуль толькі ў першым чытанні. Герашчанка кажа, неўзабаве будзе і другое чытанне. А там ужо і кожны з замежных добраахвотнікаў зможа легалізавацца. Вось толькі далёка не ўсе падзяляюць аптымізм дэпутата.

 

“Пра тое, што гэты закон будзе хутка прыняты, нам казалі больш за паўгода таму, — адмахваецца беларус-добраахвотнік “Док”. — Але нават калі дэпутаты ўжо сёння прагаласуюць за яго ў другім чытанні, то яшчэ розныя ўзгадненні будуць весціся вельмі доўга. Бо парадак службы будзе вызначацца Міністэрствам абароны, льготы і сацыяльныя гарантыі ў выпадку ранення будзе вызначаць Міністэрства аховы здароўя, яшчэ нешта будзе вызначацца Міністэрствам сацразвіцця. І пакуль яны ўсё гэта ўзгодняць пройдзе, я думаю, не адзін год”.

 

Ёсць і яшчэ адзін “падводны камень” — Крымінальны кодэкс Украіны. Калі прытрымлівацца літары закона, то заклік запісвацца атрад пры жаданні можа трапляць пад артыкулы: “Вярбоўка наёмнікаў для незаконных узброеных фарміраванняў на тэрыторыі Украіны” і “Стварэнне незаконных вайсковых фарміраванняў з ліку грамадзян іншых дзяржаў”. Мне на такую небяспеку ўказвалі нават з Украіны. Але Антон Герашчанка называе распаўсюджанне такіх перасцярог правакацыяй спецслужб.

 

“Я думаю, што тыя, хто распаўсюджвае гэтую інфармацыю (пра пакаранне па вышэй указаных артыкулах Крымінальнага кодэксу Украіны, — Еўрарадыё), могуць быць і спецслужбы Беларусі, якія не зацікаўленыя ў тым, каб грамадзяне Беларусі прыязджалі ва Украіну, аб’ядноўваліся і стваралі баявое братэрства, навучаліся ўзброенай барацьбе з ворагамі нашай краіны. Мяркую, менавіта адтуль ідуць гэтыя пасылы”.

 

Чаму для спрашчэння сітуацыі не даць усім замежнікам украінскае грамадзянства —прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка даўно гэта абяцаў?

 

Антон Герашчанка: “Такая працэдура ёсць. Яна не прымяняецца сотнямі і тысячамі, але ўжо дзясяткі такіх хлопцаў атрымалі грамадзянства Украіны. Тут пачынаць трэба з таго, каб чалавек сапраўды хацеў атрымаць грамадзянства Украіны. Калі ён будзе толькі дэклараваць такое жаданне, але не будзе падаваць дакументы, не заклікаць да гэтага дзеяння, то — пад ляжачы камень вады не цячэ!”

 

Таму “Док” і раіць тым, хто ўсё ж вырашыць рызыкнуць і прыехаць ва Украіну, спачатку падстрахавацца і забяспечыць сябе хаця б відам на жыхарства.

 

Яшчэ адно: нават калі закон пра замежнікаў ва ўкраінскім войску і будзе прыняты, то служыць замежнік па кантракце зможа выключна ў арміі. А полк “Днепр-1” уваходзіць у структуру МУС. Як там збіраюцца ствараць “беларускае падраздзяленне” і ці ведае пра гэтыя планы камбат Юрый Бяроза?

Ці сапраўды ва Украіне чакаюць добраахвотнікаў з-за мяжы?

Па словах камбата і дэпутата Вярхоўнай Рады Юрыя Бярозы, да яго сапраўды звярталіся беларусы, якія ўжо даўно служаць у палку, прайшлі “натуралізацыю” і маюць украінскія пашпарты, з прапановай утварыць “сваё” падраздзяленне.

 

Юрый Бяроза: “Для таго, каб нават патрапіць у полк “Днепр-1”, неабходна прайсці пэўны адбор, вялікі падрыхтоўчы працэс — мы нікому не даём у рукі зброю, пакуль яны не пройдуць падрыхтоўку. І цягнецца гэты працэс падрыхтоўкі мінімум два месяцы. І потым, калі яны гатовыя працягваць сваю службу ў палку, мы робім усё, каб яны атрымалі грамадзянства Украіны”.

 

Што ў выніку атрымліваем. Украінскае заканадаўства не гатовае да прысутнасці ў шэрагах абаронцаў Украіны добраахвотнікаў з-за мяжы. Сёння яны ваююць альбо парушаючы безліч законаў гэтай краіны, альбо пасля вялікіх намаганняў здабыўшы сабе ўкраінскае грамадзянства. І калі ў палку “Днепр-1” клопат з пашпартамі бярэ на сябе Юрый Бяроза, то байцам “Правага сектару” не дапамагае нават тое, што Дзмітрый Яраш — таксама дэпутат Вярхоўнай Рады. Ну, і пра папярэджанні старшыні КДБ нельга забывацца.

 

Фота: з сацсетак

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі