Ці рызыкне апазіцыя звярнуцца да “брудных” паліттэхналогій?

У перадвыбарнай барацьбе Віктар Івашкевіч будзе выкарыстоўваць прававы нігілізм. Вольга Казуліна — адстойваць прынцыпы “светлай” палітыкі. Аляксандр Дабравольскі будзе дзейнічаць у адпаведнасці з сітуацыяй. Людміла Гразнова “ставіць” на эмацыйнасць сваіх выступаў. А Сяргей Вазняк будзе прыводзіць факты хамскага стаўлення чыноўнікаў да людзей. Вопыт папярэдніх выбарчых кампаній паказвае, што стандартныя паліттэхналогіі не дапамагаюць кандыдатам ад апазіцыі супрацьстаяць адміністрацыйнаму рэсурсу, які выкарыстоўваюць ў барацьбе за дэпутацкі мандат праўладныя кандыдаты ў дэпутаты. Еўрарадыё вырашыла даведацца, ці не плануюць апазіцыянеры змяніць тактыку барацьбы, ці рыхтуюць супернікам нечаканыя сюрпрызы і ці будуць карыстацца “бруднымі” тэхналогіямі.

Хто канкрэтна з “праўладных” і ў якой колькасці будзе яму супрацьстаяць на выбарах, намесніка старшыні Партыі БНФ Віктара Івашкевіча, па яго словах, не цікавіць. А ўсё, кажа, з-за таго, што дзейнічае ён не толькі незалежна ад канкурэнтаў, але і ад заканадаўства.

Віктар Івашкевіч: “Гэта не выбары, і таму я не ўжываю выбарчыя тэхналогіі. Я праводжу агітацыю на сваім участку як хачу. Я распаўсюдзіў улёткі татальна па ўсіх паштовых скрынях яшчэ да выбараў. Выбарчая камісія зрабіла мне заўвагу, на якую я прапанаваў ім зняць мяне з выбараў. Яны гэтага зрабіць не змаглі, бо гэта не іх узроўню рашэнне. І далей я буду сябе так паводзіць – рабіць, што хачу. У мяне на выбарчае заканадаўства прававы нігілізм”.

Палітык сцвярджае, што карыстацца “бруднымі” тэхналогіямі не будзе, але тэму выбуху на свяце 3 ліпеня і таго, чаму Лукашэнка не пабаяўся пайсці на месца выбуху, уздымаць перад выбарнікамі будзе. Як і задаваць пытанне, чаму БТ так актыўна піярыць “новароджанага” сына прэзідэнта.

Дачка палітвязня Аляксандра Казуліна Вольга ведае, што супрацьстаяць ёй на выбарчым участку будзе чыноўніца з адміністрацыі раёна Лукашонак. Зразумела, кажа малады палітык, што за ёй стаіць уся моц мясцовага адміністрацыйнага рэсурсу. І яна не бачыць, што новага і нечаканага гэтаму можна супрацьпаставіць.

Вольга Казуліна: “Людзі запалоханыя, і акрамя як зборам подпісаў і агітацыяй мы іх нічым не можам упэўніць галасаваць за нас. Запалоханым людзям вельмі складана казаць, каб яны не баяліся паставіць подпіс і прагаласаваць за нас, што іх не звольняць і ўсё будзе добра. Але ніякіх новых сродкаў барацьбы мы не можам прыдумаць”.

Вольга катэгарычна адмаўляецца скарыстоўваць у перадвыбарнай барацьбе “брудныя” тэхналогіі. Кажа, бацька вучыў, што яны прадстаўнікі “светлай” палітыкі і гэта не іх шлях. І сцвярджае, што самай новай і самай нечаканай для супернікаў паліттэхналогіяй стала б аб’яднанне ўсёй апазіцыі.

На выбарчай акрузе намесніка старшыні АГП Аляксандра Дабравольскага плануюць балатавацца ажно два пакуль яшчэ дзеючыя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў – Галіна Мазуркевіч і Генадзь Давыдзька. Па словах палітыка, супраць грубай сілы ніякія новыя тэхналогіі не дапамогуць. І дзейнічаць ён збіраецца ў адпаведнасці з сітуацыяй.

Аляксандр Дабравольскі: “Калі не лічацца галасы, то галоўным становіцца не гуляць па іх правілах, па правілах улады, якая блытае асабістыя інтарэсы з дзяржаўнымі. Значыцца, трэба працаваць з выбаршчыкамі, каб была грамадская падтрымка. Асабісты кантакт — гэта найлепшая тэхналогія. Таму – ад дзвярэй да дзвярэй і сустрэчы з выбаршчыкамі”.

Кажа, “бруднымі” тэхналогіямі карыстацца не будзе – непрыемна. Ды і ўвесь бруд, у выніку, вяртаецца да таго, хто яго выліў.

Сябру АГП, праваабаронцы Людміле Гразновай на выбарах таксама будзе супрацьстаяць дэпутат ПП — Анатоль Красуцкі. На яе думку, нічога новага ў барацьбе за дэпутацкі мандат прыдумляць не трэба. Галоўнае гаварыць зразумелай мовай людзям пра тое, што іх хвалюе. А сёння гэта, кажа яна, — жыллёвае пытанне, пытанне малога бізнесу і пытанне ільготаў пенсіянерам, інвалідам і студэнтам.

Людміла Гразнова: “Я не буду пісаць ва ўлётках, што нешта там падвышу, нешта паглыблю і нешта буду эфектыўна выкарыстоўваць. Я буду гаварыць на эмацыйным, але канкрэтным узроўні пра тое, што людзей вельмі хвалюе. І зараз хаджу па кватэрах, пра гэта і кажу”.

Паводле яе слоў, “брудныя” тэхналогіі калі і дадуць патрэбны вынік, то ён будзе кароткатэрміновы. А сапраўдны палітык не можа жыць толькі сённяшнім днём.

Супернікам у барацьбе за дэпутацкі мандат у сябра Цэнтральнага камітэта ПКБ Сяргея Вазняка будзе першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Папкоў. У супрацьстаянні з ім палітык хоча ўжыць свае тэхналогіі – расказваць пра канкрэтныя факты ганебнага стаўлення чыноўнікаў да людзей.

Сяргей Вазняк:
“Дастаткова фактаў хамскіх адносінаў уладаў да людзей, і я гэта буду выкарыстоўваць у сваёй выбарчай кампаніі, калі пачнецца агітацыя. Тое, што зараз чыноўнікі вытвараюць супраць людзей, сялян у вёсках – валасы дыбарам устаюць. Я гарадскі жыхар, і ў Мінску ўсялякага можна пабачыць, але тое, што я бачу ў вёсках Талачынскага, Сенненскага, Лёзненскага раёнаў, гэта проста жах! Таму буду казаць пра тое, што ўлада, якая непадкантрольная народу, да яго па-хамску ставіцца”.

І такая тактыка вядзення перадвыбарнай барацьбы, на яго думку, лепш за любыя “брудныя” паліттэхналогіі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі