Ці памірыў “Хросны бацька” беларускую апазіцыю з Крамлём?

Зянон Пазняк, Яраслаў Раманчук, Уладзімір Някляеў, Віктар Карняенка і Аляксандр Казулін распавялі Еўрарадыё, як змянілася іх стаўленне да Расіі і яе палітыкі ў дачыненні да Беларусі пасля пачатку “інфармацыйнай вайны”. Зубр беларускай палітыкі Зянон Пазняк прызнаўся Еўрарадыё, што яго стаўленне да Крамля і Расіі заўсёды было нязменным — як да ворагаў незалежнай Беларусі.

Зянон Пазняк: “У 1996 годзе расіяне дапамаглі зрабіць дзяржаўны пераварот. Гэта прыезд Чарнамырдзіна, Строева, Селязнёва ў Мінск у той час, калі пытанне стаяла аб імпічменце Лукашэнку. І так бясконца: мы назіраем чужую палітыку, мы назіраем разборку людзей над целам Беларусі. І назіраем ужо 15 гадоў”.



І нават з’яўленне ў эфіры расійскіх тэлеканалаў негатыўных фільмаў пра беларускага “бацьку” і змена рыторыкі расійскіх палітыкаў у дачыненні да Лукашэнкі не пахіснулі гэтага меркавання заснавальніка БНФ.

Зянон Пазняк: “Гэта спектакль двух саўдзельнікаў, які не падзялілі інтарэсы. Маскве цяпер патрэбны слабы сатрап. Улічваючы яго паталогію да аўтарытарнай улады — схапіць яго за горла і пагражаць, што мы цябе пазбавім улады. Каб ён аддаваў беларускую эканоміку, беларускія заводы, каб ён згаджаўся на адзіную валюту, на эканамічную прастору і на страту суверэнітэту, фактычна”.

Змена стаўлення да Расіі верагодная, кажа Пазняк, толькі тады, калі Беларусь будзе моцна стаяць на “эканамічных нагах” і мець не больш за 10% гандлёвых адносінаў з усходнім суседам, каб у Крамля не было магчымасці займацца эканамічным шантажом.

У Аб’яднанай грамадзянскай партыі ёсць сябры як сярод расійскіх дэмакратаў, гэтак і сярод расійскіх эканамічных аналітыкаў, кажа намеснік старшыні партыі Яраслаў Раманчук. Але стаўленне да знешняй палітыкі Расіі ў дачыненні да Беларусі ў яго заўсёды было “халоднае”.

Яраслаў Раманчук: “Мы заўсёды вельмі крытычна ставіліся да палітыкі Крамля, расійскага ўрада, бо стаўленне да Беларусі падмянялася стаўленнем да Лукашэнкі. З гэтага пункту гледжання ўзаемаадносіны паміж урадамі, паміж грамадскай супольнасцю развіваліся незалежна ад адносінаў паміж лідэрамі краін”.



І сённяшняя інфармацыйная вайна, лічыць Раманчук, нічога не змяніла.

Яраслаў Раманчук:
“І сёння тое, што на яго (ЛукашэнкуЕўрарадыё) гоняць той жа Затулін, Прыходзька і той жа Грызлоў, — яны ж робяць гэта таму, што ёсць такі палітычны загад. У іх ніколі не было добрага стаўлення да незалежнай дэмакратычнай Беларусі. Сёння скажуць з Крамля мачыць — будуць мачыць, потым скажуць хваліць — будуць хваліць”.

Праўда, адзначае, стасункі з Расіяй трэба наладжваць. І прывучаць расійскі палітычны бамонд да думкі, што за словамі “прэзідэнт Беларусі” можа быць не толькі прозвішча Лукашэнкі.

Лідэр кампаніі “Гавары праўду!” Уладзімір Някляеў прызнаўся Еўрарадыё, што не бачыць у расійскіх палітыкаў ворагаў. Для яго яны — нармальныя драпежнікі.

Уладзімір Някляеў: “Я ніколі не ўспрымаў Маскву і маскоўскіх палітыкаў як ворагаў. Я іх успрымаў як нармальных, апошнім часам, капіталістычных драпежнікаў, якія шукаюць свайго інтарэсу”.



А сюжэты на расійскіх каналах паэт разглядае як спосаб прымусіць Лукашэнку не “круціцца паміж двума мяхамі сена”, а каб “еў тое, што яму даюць”. І пагрозу для Беларусі ён бачыць як з боку Расіі, гэтак і з боку Лукашэнкі, які, паводле яго словаў, фактычна знішчыў беларускую мову і культуру. Увогуле, кажа Някляеў, расійская эліта ніколі не ўспрымала сур’ёзна беларусаў. Для іх мы — рускія, але сапсаваныя, якіх трэба лячыць. Вось яны і лечаць: тры стагоддзі зброяй, а цяпер — банкамі і інфармацыйнымі войнамі.

Намеснік кіраўніка руху “За свабоду” Віктар Карняенка прызнаўся, што, як і Зянон Пазняк, з насцярогай ставіцца да палітыкі Крамля з 1996 года, калі дзякуючы маскоўскаму дэсанту Лукашэнка пазбегнуў імпічменту. І падзеі апошніх тыдняў не зменшылі гэтай перасцярогі.

Віктар Карняенка: “Зараз Расія пачынае праводзіць сваю палітыку новымі інструментамі. І рызыка пагрозы незалежнасці Беларусі будзе павялічвацца, бо невядома, якімі яшчэ “Хроснымі бацькамі” будуць уплываць на Лукашэнку расійскія палітыкі”.



Таксама невядома, на што ён пад уплывам гэтай вайны пагодзіцца. У той жа час Карняенка кажа, што крыўды ў палітыцы непрымальныя і добрыя стасункі з Крамлём трэба спрабаваць наладжваць.

І толькі ў былога кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна няма ні варожасці, ні насцярогі ў дачыненні да Крамля і яго палітыкі адносна Беларусі. Кажа, гэта наш сусед і яго трэба ўспрымаць як партнёра. А сюжэты па расійскім ТБ называе не інфармацыйнай вайной, а момантам ісціны. І ніякай пагрозы для незалежнасці Беларусі з Усходу ён як не бачыў раней, так не бачыць і цяпер.



Фота: Змітра Лукашука і http://www.nn.by/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі