Ці не баяцца пасажыры цягніка Мінск-Сімферопаль ехаць у Крым?

Раніцай на цягнік падцягваюцца людзі з вялікімі торбамі. Многія з іх едуць менавіта ў Крым. Некаторыя сем'ямі з маленькімі дзецьмі.

"Па-першае, у нас там сваякі, а па-другое мы прызвычаіліся адпачываць там і не адмаўляемся. Там, кажуць, што ўсё ціха і спакойна. Праз Украіну ехаць страшна, але хто не рызыкуе, той не адпачывае", — распавядае дзяўчына, яна разам з маці шукае свой вагон.

Вагонаў у цягніку толькі восем. За дзень да адпраўлення было 32 плацкартных і 24 купэйныя месцы, цяпер засталіся толькі купэ. З нядаўняга часу колькасць пасажыраў пачала расці, распавядае начальнік цягніка:

"У параўнанні з мінулым годам вагонаў стала на сем меней. Але цяпер ужо тэндэнцыя да павелічэння пасажырапатоку. Людзі, якія ездзілі, распавядаюць, што на шляху нашага цягніка спакойная дарога. І там, у Сімферопалі, пытанняў ніякіх не ўзнікае. Цягнік ідзе праз Сумы, Харкаў, Запарожжа, Мелітопаль. Вайскоўцаў мы ніякіх не бачым, агрэсіўна настроеных людзей таксама няма".

На мяжы з Крымам беларусы цяпер праходзяць пашпартны кантроль, спачатку ўкраінскі, потым расійскі. Негатыву ад украінскіх памежнікаў, наконт таго, што вы едзеце ў акупаваны Крым, няма. А вось з расіянамі складаней. 

"Мая жонка едзе, а я следам, але толькі аўтобусам, бо я грамадзянін Расіі. Вось мне страшна ехаць, могуць зняць. Тэлефанавалі на мытню, памежнікам тэлефанавалі, яны кажуць, што лепш не рызыкаваць. Грамадзянства ў мяне расійскае, узрост — тое, што трэба. Але мы вельмі любім Крым і любоў мацней", — кажа мужчына, які праводзіць жонку на цягнік.

На 18 ліпеня засталося 65 плацкартных і 37 купэйных білетаў па 807 тысяч рублёў і 1 мільён 280 тысяч. Такога з цягнікамі на Крым даўно не было. Квіткі раскупляліся ў першыя ж дні продажу. Турфірмы цяпер Крымам амаль не займаюцца. Жадаючых вельмі мала, але яны ёсць, распавядаюць у "ГолдэнТур".

"Можа, іншыя кампаніі займаюцца, а мы прадаём турыстам толькі пражыванне. Мы не арганізоўваем ніякіх аўтобусных тураў, каб пазбегнуць праблем. Яны самі сабе набываюць квіткі на цягнік. Мы не бярэм на сябе адказнасць за іх дастаўку, толькі прадастаўляем жыллё".

"ЦентрКурорт" працягвае прадаваць пуцёўкі ў беларускія санаторыі ў Крыме, яны працуюць як і раней. Але запаўняльнасць меншая, чым год таму.

"Калі у мінулым годзе было 100 працэнтаў, то у гэтым годзе ад сілы 15. Мы працуем з рознымі аператарамі, таму ў нас і дастаўка ёсць і можна набыць квіткі на цягнік. У асноўным, цікавяцца санаторыямі, людзі якія ездзілі туды некалькі гадоў запар. Пляжны адпачынак, адпачынак з дзецьмі і моладзевы мы пераарыентуем у гэтым годзе на Краснадарскі край ці далёкае замежжа".

А вось пуцёўкі ў іншыя беларускія санаторыі за мяжой распрададзеныя да сярэдзіны верасня.

Па афіцыйнай статыстыцы Украіна займала амаль 25 працэнтаў з ўсіх напрамкаў, куды ездзілі адпачываць беларусы. Толькі праз турфірмы ва Украіну ў 2013 годзе з'ездзілі амаль 176 тысяч чалавек. Сёлета ўсё змянілася. Куды ж паехалі адпачываць беларусы?

"Гэты паток — некалькі соцень тысяч чалавек паехаў на іншыя напрамкі, але здаецца, што большасць нікуды не паехала. Едуць туды, дзе адпачываць лёгка, проста і зразумела, дзе імідж нармальны. І тут цяжка сказаць, у каго большыя праблемы, у турфірм ці турыстаў. Бо фірмы трошкі пераарыентаваліся", — распавядае рэдактарка газеты “Турызм і адпачынак” Лілія Кобзік.

Краіны для адпачынку сярод беларусаў застануцца тымі ж, але ўсе пасунуцца на адзін радок уверх, бо няма Украіны. На першым месцы будуць Балгарыя з Турцыяй, далей Грэцыя і Іспанія.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі