Ці можа Беларусь зарабіць на “крымскім канфлікце”?

Канфлікт у Крыме — грандыёзная фінансавая афёра Крамля. Такую заяву робіць расійскі блогер barma_glott. Нібыта, як толькі ў панядзелак з’явілася інфармацыя пра пачатак “вайны” ў Крыме і “пачалася істэрыка ў СМІ” — адразу сталі таннець акцыі расійскіх кампаній. Замежныя ўладальнікі такіх акцый пачалі іх тэрмінова прадаваць, а расійскія інвестары іх актыўна набывалі.

Спасылаючыся на атрыманую ад расійскіх трэйдараў інфармацыю, barma_glott сцвярджае: найбольш у панядзелак набывалі акцыі “Ашчадбанка”, “Газпрама” і “Сургутнафтагаза”. І робіць выснову: “Пры агульным кошце акцый у 200 мільярдаў долараў эканомія Мінфіна РФ склала больш за 20 мільярдаў долараў… Так што падзеі пакуль што сведчаць аб глабальнай гульні на паніжэнне з мэтай вяртання расійскіх капіталаў”.

Расійскі эканаміст, былы галоўны аналітык Аналітычнага цэнтра прэзідэнта РФ, дырэктар Інстытута праблем глабалізацыі Міхаіл Дзялягін цяпер шкадуе, што не здолеў з дапамогай “крымскага канфлікту” паправіць сваё фінансавае становішча. Як не зрабілі гэтага, смяецца, і беларусы.

Міхаіл Дзялягін: “Калі б у мяне былі свабодныя грошы і калі б я ў панядзелак не працаваў і паспеў узяць крэдыт на кароткі тэрмін, то я б ужо цяпер быў мільянерам. Бо я набыў бы акцыі ў панядзелак увечары і прадаў бы іх сёння раніцай. Вось, я грызу локці і ў вашай прэзідэнцкай Адміністрацыі робяць тое ж самае таварыш Лукашэнка мог бы зарабіць грошай!”

Наўрад ці нашы дзяржаўныя структуры здольныя спекуляваць на рынку акцый, расчароўвае Еўрарадыё фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра “Альпары” ў Мінску Вадзім Іосуб.

Вадзім Іосуб: “Такія буйныя структуры, як дзяржава (Мінфін, Нацбанк. заўв. Еўрарадыё), дзяржаўныя фонды і гэтак далей звычайна проста не ў стане чыста тэхнічна з-за пэўных бюракратычных працэдур такія аператыўныя рашэнні прымаць”.

Звычайна не ў стане — а калі б іх загадзя папярэдзілі? Такія спекуляцыі вельмі рызыкоўныя, папярэджвае Міхаіл Дзялягін. Асабліва для дзяржаўных гульцоў з Беларусі.

Міхаіл Дзялягін: “Калі б я памыліўся ў сваіх разліках, то я б проста згубіў грошы і пэўны час выплачваў бы пазыкі. А калі б, да прыкладу, Міністэрства фінансаў Беларусі памылілася ў сваіх разліках колькі б гадоў атрымалі ўсе датычныя гэтай працэдуры чыноўнікі?!”

Тым больш што, упэўнены расійскі эканаміст, ніхто ад пачатку не планаваў з дапамогай вайны абваліць рынак акцый, каб потым на гэтым зарабіць. Івяртання расійскіх капіталаў” не адбылося.

Міхаіл Дзялягін: “Тое, што нейкая “Раснафта” магла паўдзельнічаць у нагнятанні істэрыі, каб уладальнік выкупіў акцыі сваёй кампаніі танна — такое можна сабе ўявіць. Але адразу можна зафіксаваць, што ў раздзіманні гэтай ліберальнай істэрыкі расійскія карпарацыі і расійскія дзяржаўныя структуры ўдзелу не бралі ніякага, а па-другое — маштабнага набыцця акцый з боку расійскіх інвестараў я не заўважыў на рынку”.

І не ўсе замежныя інвестары спалохаліся падзення кошту акцый расійскіх кампаній.

Міхаіл Дзялягін: “Частка замежных інвестараў, праўда, невялікая частка, наадварот, прыйшла на рынак увечары ў панядзелак і цяпер радасна пацірае далоні, бо яны ўжо атрымалі прыбытак”.

Не верыць у канспіралагічную версію barma_glott і беларускі эксперт Вадзім Іосуб.

Вадзім Іосуб: “Паводле розных ацэнак капіталізацыя за адзін дзень, за панядзелак 3 сакавіка, згубіла 65-70 мільярдаў долараў. І я абсалютна не дапускаю, што нехта ў расійскім кіраўніцтве ставіў перад сабой мэту павялічыць долю дзяржавы ў такіх акцыях за кошт такіх вось страт”.

Прычым, дзеліцца сваім аналізам Вадзім Іосуб, выгады ад “крымскага канфлікту” ўсе трымальнікі расійскіх акцый не маюць.

Вадзім Іосуб: “Большасць расійскіх удзельнікаў рынку і дробныя трымальнікі акцый, і алігархі, і дзяржава на гэтым згубілі. Мы бачым не мэтанакіраваную гульню на паніжэнне, а чарговы прыклад таго, калі не былі пралічаны эканамічныя вынікі ад пэўных палітычных рашэнняў, адарваных ад рэчаіснасці”.

І раіць не “паціраць радасна далоні” ні замежным, ні расійскім уладальнікам акцый расійскіх кампаній — кошт іх можа яшчэ падаць. І не факт, прагназуе Іосуб, што той, хто іх набываў, яшчэ зможа на іх зарабіць. І меў рацыю: на таргах 6 сакавіка акцыі расійскіх кампаній працягваюць таннець. Так, індэкс ММВБ зменшыўся на 2,1% у параўнанні з закрыццём папярэдняга дня. А ўсё — з-за з’яўлення інфармацыі наконт планаў Крыма па далучэнні да Расіі.

А можа гэта — працяг “гульні на паніжэнне”?

Фота: krsk.sibnovosti.ru і з архіва Вадзіма Іосуба

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі