Ці адважыцца Лукашэнка падаць сігналы Захаду перад носам Пуціна?

Ці адважыцца Лукашэнка падаць сігналы Захаду перад носам Пуціна?

Ёсць меркаванне, што дзеля адмены санкцый Аляксандр Лукашэнка можа выпусціць палітвязняў, але рэпрэсіі ў Беларусі ён наўрад ці спыніць. Ці гатовы Захад на такіх умовах кантактаваць з цяперашнім беларускім кіраўніком?

— Які сэнс [Захаду] размаўляць з Лукашэнкам, калі вырашаць як мінімум пытанні вайны і міру будзе не ён, а Уладзімір Пуцін? — задаецца пытаннем былы супрацоўнік МЗС Беларусі Павел Слюнькін. — Калі казаць пра нейкія прававыя аспекты, то Аляксандр Лукашэнка не падаў, мне здаецца, ніводнага нармальнага сігналу, якім ён мог бы паказаць, што ён сапраўды зацікаўлены ў тым, каб гэтая размарозка адбывалася.

Словы павінны будавацца на нейкіх дзеяннях. Па сутнасці, гэтых дзеянняў з 2020 года мы не бачылі. Паабяцаць, што з Беларусі зноў не паляцяць ракеты ва Украіну, — на жаль, і для Лукашэнкі, і для нас з вамі, гэта ўжо не тое абяцанне, якое Аляксандр Лукашэнка можа выканаць.

Але калі ён пойдзе на нейкія рызыкоўныя крокі, калі ён паспрабуе змяніць рыторыку, прыпыніць рэпрэсіі, выпусціць палітвязняў — вось гэты сігнал абсалютна дакладна будзе заўважаны. Я ўпэўнены, што ў гэтым сэнсе нейкі дыялог сапраўды ўсталюецца і тады можна будзе таргавацца.

На тэрыторыі Беларусі прывольна размясціліся войскі РФ. Беларуская эканоміка цяпер амаль цалкам залежыць ад Расіі. Як у такіх умовах падаваць сігналы Захаду, як Лукашэнку вырульваць на дыялог?

— Калі ён будзе распавядаць пра дэнацыфікацыю, пра тое, што Украіну трэба вяртаць у нейкае лона славянства, — безумоўна, гэта будзе моцнай перашкодай, — лічыць Павел Слюнькін. — Але я думаю, што, калі чалавек збіраецца ісці на сур’ёзныя крокі, ён і рыторыку будзе змяняць. Калі ўявіць такую гіпатэтычную сітуацыю — у якую я, шчыра кажучы, не вельмі веру, — то рыторыка будзе нагадваць тое, што мы чулі ў 2015 годзе. Пра тое, што Беларусь выступае за мір, выступае супраць вайны. І ўвогуле, расіяне і ўкраінцы для нас братэрскія краіны і каб хутчэй ва Украіне надышоў мір.

Я думаю, што ў Еўрасаюзе будуць гатовыя прыняць такую рыторыку разам з рэальнымі крокамі па ўнутрыпалітычных зменах. Нават калі будуць разумець, што калі Уладзіміру Пуціну будзе трэба ўвесці войскі, то яны ўвойдуць. Тады ад Аляксандра Лукашэнкі будуць чакаць выразнай пазіцыі наконт таго, што ён супраць гэтага. Зможа ён гэта агучыць ці не — пытанне, мне здаецца, рытарычнае, але прынцыповае для таго, каб еўрапейцы адчувалі, што гэта не дыялог з чалавекам, які нічога не вырашае.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі