Чыноўнікі яшчэ блытаюцца з рэгістрацыяй ІП "за адзін дзень"

Еўрарадыё высветліла, што колькасць жадаючых распачаць сваю справу істотна не змянілася
Рэгістрацыя індывідуальнага прадпрымальніка цяпер праводзіцца за 1 дзень. Але каб нешта прадпрымаць на справе, гэтага не дастаткова. За дзень выдаецца толькі пячатка, але ўсё неабходнае для пачатку дзейнасці ўсё яшчэ прыходзіцца рабіць доўга.

Блытаюцца паняцці рэгістрацыі і пачатку гаспадарчай дзейнасці. Блытаніна пачалася з таго, што ў дэкрэце прэзідэнта сказана, што дзяржаўная рэгістрацыя суб’ектаў гаспадарання праводзіцца на аснове заяўнага прынцыпа ў дзень падачы дакументаў.
Чыноўнікі таксама блытаюць гэтыя паняцці. Старшыня камітэта эканомікі Мінскага аблвыканкама Жанна Бірыч гаворыць, што аднаго дня дастаткова, каб пачаць дзейнасць.

ЕРБ: Гэта праўда, што для рэгістрацыі цяпер патрэбны толькі адзін дзень?

Жанна Бірыч: Так.

ЕРБ: А пасля рэгістрацыі ўжо можна адразу ж пачынаць гаспадарчую дзейнасць?

Жанна Бірыч:
Так.

ЕРБ: Адразу ж?!

Жанна Бірыч: Так.

Калі чалавек паспрабуе зарэгістравацца індывідуальным прадпрымальнікам, ён сапраўды атрымае пячатку аб рэгістрацыі, аднак яна з’яўляецца толькі першым крокам да таго, каб стаць паўнавартасным суб’ектам гаспадарання. А на наступны дзень яго чакае працяг афармлення папер, але гэтая працэдура рэгістрацыяй ужо не называецца. І займае яна значна больш дзён, чым здаецца на першы погляд.

Вось што Еўрарадыё распавяла супрацоўніца Ўпраўлення юстыцыі Мінгарвыканкама.

ЕРБ: Ці сапраўды гэтая рэгістрацыя адбываецца толькі за адзін дзень? І ўсё, пасля можна пачынаць дзейнасць?

Супрацоўніца Упраўлення юстыцыі: "Ну, калі чытаць цалкам дэкрэт, то не. Для таго, каб адкрыць разліковы рахунак, то трэба яшчэ нешта. Мы рэгіструем, ставім штамп аб рэгістрацыі, пасведчанне аб дзяржрэгістрацыі ставяць на наступны дзень.
Яшчэ калі новае прадпрыемства, то яго трэба паставіць на ўлік у органах статыстыкі, Белдзяржстраху, органах Фонда сацыяльнай абароны насельніцтва, падатковых. Гэта ўсё яшчэ плюс 5 працоўных дзён".

ЕРБ: А каб ліцэнзію атрымаць?

Супрацоўніца Упраўлення юстыцыі: "Для ліцэнзіі патрэбны таксама пакет дакументаў, гэта ўжо ў райвыканкамах па месцы знаходжання юрыдычнага адрасу".

ЕРБ: А што з пячаткай?

Супрацоўніца Упраўлення юстыцыі: "Яны ідуць і робяць пячатку самі. Мы дазволу не выдаем. Калі раней мы выдавалі дазвол на вытворчасць пячаткі, то цяпер орган, які рэгіструе, на гэта не ўпаўнаважаны".

ЕРБ:
А ў чым яшчэ адрозненне ад мінулага?

Супрацоўніца Упраўлення юстыцыі: "Абсалютна ва ўсім. Абсалютна іншая рэгістрацыя. Таму што гэта ўжо заяўны прынцып, гэта ўжо зусім іншае ўсё".

Пра тое, як жа праходзіць рэгістрацыя індывідуальнага прадпрымальніка, распавядае кіраўніца аддзела эканомікі Мінскага райвыканкама Ірына Галавач, якая рэгіструе індывідуальных прадпрымальнікаў.

ЕРБ: А якія дакументы патрэбныя, каб зарэгістраваць індывідуальнага прадпрымальніка?

Ірына Галавач: "Заява і аплата, і усё".

Да гэтага яшчэ трэба дадаць фотаздымак. Для рэгістрацыі камерцыйных і некамерцыйных арганізацый яшчэ трэба перад рэгістрацыяй паведаміць аб назве, месцы размяшчэння, падрыхтаваць статут і стварыць статутны фонд.

ЕРБ:
І сапраўды толькі за адзін дзень?

Ірына Галавач: "Так, мы даем адразу: вось чалавек сядзіць, у кампутар увялі, вывялі, падпісалі, паставілі пячатку і аддаем яму пасведчанне. І нават на другі дзень яны не прыходзяць - яны прыходзяць толькі праз 5 дзён, іх ставяць на ўлік ў падатковай, і ўсё".

ЕРБ: І гэтага дастаткова, каб пачаць гаспадарчую дзейнасць?

Ірына Галавач: "Дастаткова".

ЕРБ: Больш нічога не патрэбна?

Ірына Галавач: "Так, так. Пасля гэтага яны ідуць адкрываць рахунак у банку, там таксама вельмі проста: толькі заява для адкрыцця разліковага рахунку і копія пасведчання, і ўсё. Як раней яны бралі дублікат у падатковай, плацілі грошы - гэта не патрэбна".

Зараз, паводле закона, яны павінны падаць заяву, копію статута - для юрыдычнай асобы, копію рэгістрацыі - для прадпрымальніка, картку з узорамі подпісаў, пасведчанне сапраўднасці подпісаў і адбітак пячаткі.

ЕРБ: А ліцэнзія?

Ірына Галавач:
"Па ліцэнзіях пакуль нічога, але там жа распрацоўваецца аб адмене нейкі таксама накшталт "аднаго акна" дазвол. Ну, паглядзім, люты яшчэ толькі пачаўся. Можа, да сакавіка што-небудзь, таму што я ведаю, што ідзе на абмеркаванне праект па адмене ліцэнзавання, ён яшчэ ў кулуарах міністэрстваў".

ЕРБ:
А пячатку?

Ірына Галавач: "Дазвол ужо непатрэбны, ужо мы не даем. І нават адмянілі пасведчанне для юрыдычных асоб".

Нягледзячы на тое, што ўсе чыноўнікі так упэўнена гавораць аб спрашчэннях, змяншэннях і гэтак далей, прадпрымальнікамі станавіцца народ не спяшаецца. Колькасць жадаючых пасля прыняцця Дэкрэта істотна не змянілася.

Ірына Галавач:
"Ну, трошкі павялічылася, а так, у прынцыпе, першы тыдзень у нас ажыятаж, а так дзень на дзень не прыпадае - у адзін дзень можа 5 чалавек прыйсці. Сёння, напрыклад, да мяне прыходзіў адзін індывідуальны прадпрымальнік. Прыходзяць у чацвер, як раней, бо не ведаюць, што ў нас прыём кожны дзень ідзе. А так нармальна. Усім падабаецца, усе задаволеныя (смяецца)".

Мабыць, сапраўдная рэгістрацыя ўсіх папер, неабходных для вядзення гаспадарчай дзейнасці, праходзіць і не так хутка, як лічыцца ў самім дэкрэце (Гл. 5. п. 22.: "Зарэгістраваным лічыцца індывідуальны прадпрымальнік са дня падачы дакументаў”), аднак агульнае спрашчэнне сапраўды адбылося.


Дэкрэт № 1 ад 16 студзеня 2009 г. “Аб дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі (спыненні дзейнасці) суб'ектаў гаспадарання”  можна знайсці тут

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі