Чыноўнік: У беларускай прадукцыі ў Расіі ніколі не выяўлялі радыеактыўныя рэчывы

Чыноўнік: У беларускай прадукцыі ў Расіі ніколі не выяўлялі радыеактыўныя рэчывы

Першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Леанід Марыніч пракаментаваў публікацыю агенцтва Асашыэйтэд Прэс аб шматразовым перавышэнні норм утрымання радыенуклідаў у малацэ з фермы, размешчанай каля чарнобыльскай зоны. "Тое, што было размешчанае, на сённяшні дзень не пацвярджаецца, — цытуе словы Марыніча БелаПАН. — Аналіз праводзіцца на працягу сямі дзён. Як на працягу двух-трох гадзін зрабілі такі аналіз, ніхто нам не растлумачыў. Таму мы лічым, што гэта дэзінфармацыя"

Чыноўнік сцвярджае, што ў Беларусі "вядзецца вельмі сур'ёзны кантроль у зонах радыеактыўнага забруджвання за прадуктамі харчавання, асабліва малочнымі". Паводле слоў Леаніда Марыніча, апошні раз у малацэ была выяўленая радыяцыя ў 2014 годзе, а ў мясе — у 2011-м.

Першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі прызнае, што праблемы ёсць. "Сем выпадкаў было выяўлена на стадыі адбору малака ў сельгасвытворцаў (чатыры — у Брагінскім і тры — у Хойніцкім раёнах), але гэта толькі на стадыі, калі малако прымалася ў гаспадарак", — кажа Марыніч. Ён падкрэслівае, што гэтае малако на прадпрыемства не трапіла.

Таксама чыноўнік распавёў, што 27 красавіка спецыялісты выехалі да фермера Мікалая Чубянка, у якога пабывалі журналісты агенцтва. Праводзіцца аналіз, яго вынік будзе вядомы "праз сем-восем сутак". "У нашай прадукцыі ў Расіі ніколі не выяўляліся радыеактыўныя рэчывы, гэтая інфармацыя дакладная, — кажа першы намеснік міністра. — Калі камусьці трэба нашкодзіць і знізіць экспарт харчовай групы тавараў з Беларусі, хай тады адказваюць за свае словы, якія яны надрукавалі".

Раней стала вядома, што дэпартамент па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС МНС ініцыяваў разгляд пасля публікацыі матэрыялу Асашыэйтэд Прэс аб шматразовым перавышэнні нормаў радыенуклідаў у малацэ з фермы, размешчанай каля чарнобыльскай зоны. Ён быў апублікаваны 25 красавіка. Паведамлялася, што малако з фермы ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці, якое паступае на гомельскае прадпрыемства "Мілкавіта", было праверанае на радыенукліды ў Мінскім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі. І ў ім выявілі дзесяціразовае перавышэнне нормы ўтрымання стронцыю-90. У Мінскім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі гэтыя звесткі абверглі. Там заявілі, што па ўтрыманні цэзія-137 малако адпавядала норме, а вымярэнне на стронцый-90 не праводзілася з-за недастатковасці дастаўленага аб'ёму малака. Недакладнай назвалі публікацыю і ў кампаніі "Мілкавіта".

Аўтар артыкула Юрась Карманаў сцвярджае, што ў яго ёсць заключэнне Мінскага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Здымак адпаведнага пратакола з'явіўся ў СМІ.

Стронцый у прадуктах: як радыяцыю знайшлі ў бульбе з-пад Валожына (дакумент)

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі