Чыноўнік Мінкульта пра "Смерць Сталіна": Пра фільм не скажу. Рэкламаваць не буду
Міністэрства культуры дазволіла пракат фільма “Смерць Сталіна”, але ўзроставая катэгорыя яшчэ не выстаўленая.
Міністэрства культуры Беларусі дазволіла пракат фільма “Смерць Сталіна”. Як патлумачыла Еўрарадыё прэс-сакратарка Ілона Немава, фільм нават не будуць накіроўваць у экспертную камісію:
"Міністэрства культуры не супраць пракату фільма "Смерць Сталіна" у кінатэатрах краіны. Спецыялісты міністэрства не знайшлі ў фільме парушэнняў заканадаўства. Накіроўваць фільм у Рэспубліканскую экспертную камісію для атрымання заключэння лічым немэтазгодным".
Якая ў фільма будзе ўзроставая катэгорыя, пакуль невядома, бо праваўладальнік фільма не падаў заяўку на класіфікацыю фільма:
"Праваўладальнік пакуль яшчэ не падаў заяўку на класіфікацыю фільма. Вось калі яны пададуць, то камісія пры Інстытуце культуры і вырашыць, які ўзроставы рэйтынг будзе ў фільма. Я думаю, што, хутчэй за ўсё, 18+, бо ў іншых краінах ён таксама ідзе пад гэтым рэйтынгам", — тлумачыць начальнік упраўлення па кінематаграфіі Мінкультуры Аляксандр Рыдван.
На пытанне, як яму фільм, ён адмовіўся адказваць: "Я лічу не вельмі этычным і прафесійным распавядаць такое. Рэкламаваць не буду. Ці спадабаўся ён мне, не скажу. Атрымаецца, быццам бы я гэты фільм рэкламую".
Пракат фільма плануецца пачаць 8 лютага. Карціну пакажуць у кінатэатрах сеткі Silver Screen ў ТРЦ Galileo і Dana Mall у Мінску. Квіткі ўжо прадаюцца па узроставай катэгорыі 18+.
Паказаць кіно ў Беларусі планавалі два прыватныя кінатэатры, дзяржаўныя нават не бралі яго ў пракат, бо “Мінсквідэапракат” “прадказаў нізкую цікавасць да фільма”.
Прэм’ера фільма мусіла адбыцца 25 студзеня, у кінатэатры “Falcon club”. Таксама “Смерць Сталіна” збіраліся паказаць у кінатэатры “Silver screen”. У суседняй Расіі таксама спачатку спынілі продаж квіткоў на фільм, а пасля наогул яго забаранілі.