Чым улады кампенсуюць адмену льготаў, пакуль невядома

Законапраект
“Аб сацыяльных ільготах” ужо звярстаны і ляжыць на стале чыноўнікаў з
профільнай камісіі Палаты прадстаўнікоў. Мяркуецца, што ў маі ён будзе
разгледжаны. А пакуль яшчэ дэпутаты працягваюць змагацца за захаванне хоць некаторых
ільготаў. Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі
Нацыяльнага сходу па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльных пытаннях Анатоль
Новікаў запэўніў беларусаў, што скарачэнне льготаў не закране ветэранаў вайны. Таксама
дэпутаты выступаюць супраць адмены льготаў на праезд у грамадскім транспарце
для студэнтаў і школьнікаў.

Дэпутат Ларыса
Вершаловіч
выказала сваё меркаванне па праблеме:

“Я
выступала з прапановай, каб пакінулі бясплатныя медыцынскія прэпараты дзецям ва
ўзросце да трох гадоў – так, як ёсць сёння. Для мяне гэта важна. Таму што гэта
дзеці, гэта будучыня. Патрэбна своечасова атрымаць лячэнне, калі ў бацькоў можа
не апынуцца грошай. Ці хаця б дазволіць выпісваць дзецям бясплатныя лекі ў
экстраных выпадках. Я спадзяюся, што гэтае пытанне будзе ўлічанае”.

З такой прапановай не зусім пагаджаецца дэпутат Святлана Гіль:

“Калі
адменяць ільготы, усё роўна знойдзецца катэгорыя тых людзей, якія адчуваюць
вострую грашовую патрэбу ў залежнасці ад свайго фінансавага становішча, у
адносінах да якіх дзяржава будзе прымаць меры па падтрымцы.

Мая
прапанова была наступнай: перш чым адмяніць, давайце выявім тыя слаі
насельніцтва і папярэдзім негатыўныя наступствы, якія выкліча адмена. Напрыклад,
мяне вельмі турбуюць сем’і з хворымі дзецьмі, з дзецьмі-інвалідамі. Гэта нават
адзінокія ветэраны працы, у якіх мы забіраем практычна ўсе льготы”.

Магчыма, Святлана Вікенцьеўна мае рацыю. Таму што
ёсць ветэраны працы, якія яшчэ зарабляюць грошы. Ёсць вайскоўцы ў адстаўцы,
якія працуюць, а льготы атрымліваюць.

Дэпутат Вольга
Абрамава
кажа, што яшчэ ні адна з прапановаў не была прынятая. Аднак падчас
паслання прэзідэнта беларускаму народу і парламенту яна ўсё роўна выказала сваю
прапанову:

“Я
лічу, што гэты законапраект павінен прымацца толькі разам з падрыхтаваным
паралельна законапраектам аб адраснай сацыяльнай абароне. Таксама павінна быць
дзяржаўная інфармацыйная кампанія з тлумачэннямі, чаму прымаецца гэты
законапраект, якое яго прызначэнне. Хаця б для некаторых катэгорыяў павінны
быць прапанаваныя кампенсацыі”.

Па некаторых ільготах кампенсацыі гатовыя ўжо
зараз. Гаворыць дэпутат Ганна Бурава:

“На
днях у першым чытанні мы прынялі праект закона, што дапамога сем’ям, якія
выхоўваюць дзяцей, будзе павялічаная да 80 адсоткаў пражытковага мінімуму”.

80 адсоткаў – гэта каля 140 тысяч рублёў. І калі,
магчыма, сацыяльная дапамога, якая будзе выплачвацца сем’ям пры нараджэнні
дзяцей, яшчэ хоць неяк зможа кампенсаваць адмену льготаў на лекі, то што можа
замяніць ільготы на праезд для студэнтаў і пенсіянераў? Высокія стыпендыі ды
пенсіі? Пакуль аб гэтым можна толькі марыць.

Хутчэй за ўсё, законапраект разгледзяць у першым
чытанні ў траўні. Калі яго прымуць, пакуль невядома.