“Чым менш людзі будуць рыпацца, тым спакайнейшая будзе эканоміка”

Укладчыкі найбуйнейшых сусветных банкаў стаяць у чэргах, спрабуючы вярнуць свае грошы. А вось у Беларусі дагэтуль ціха — ліхаманка сусветнага фінансавага крызіса нас пакуль не закранула. Ці варта беларусам хвалявацца наконт бяспекі сваіх укладаў? Эксперты раяць не “рыпацца” і захоўваць грошы ў расійскіх банках.
Еўрарадыё патэлефанавала ў буйнейшыя банкі Беларусі, каб даведацца, ці гарантуюць яны вяртанне ўкладаў сваім кліентам ва ўмовах крызісу. Як высветлілася, з 1 студзеня новага году гарантыйная сума складзе 5 тысяч еўра (менавіта cумы да пяці тысяч еўра складаюць 95% ад усіх укладаў)

Пакуль жа ў выніку чаго вернуць вам усяго тысячу амерыканскіх долараў. Эканаміст Леанід Заіка і 5 тысяч еўра называе малой сумай. А грошы раіць захоўваць у расійскіх філіялах банкаў:

“Калі вы паклалі 10 тысяч еўра, то вам усё роўна вернуць пяць. Гэта маленькая велічыня... Як гэта ні парадаксальна, сёння надзейна захоўваць грошы ў расійскіх філіялах і банках, скажам банк “Мінск-Масква”. Таму што Расія валодае вялікімі фінансавымі рэсурсамі, вялікімі запасамі, яна актыўна гандлявала нафтай...”.

І хаця эксперт сцвярджае, што нават самы моцны банк не зможа на сто адсоткаў гарантаваць вяртанне грошай, у саміх банках запэўніваюць, што вернуць усё.

“Беларусбанк”: Да 2011 года мы гарантуем цалкам вяртанне ўкладаў. Якая сума ў вас там ляжыць на ўкладзе, яе цалкам мы і вернем.

Тое ж самае нам сказалі і ў “Белінвестбанку”. Маўляў, па законе напісана, што 1000 долараў, але не хвалюйцеся, вернем усё.

“Белінвестбанк”: Так, гарантуем. У замежнай валюце на 100% гарантуем – і па ўкладу і па працэнтам. А ў беларускіх рублях на агульных умовах 1000 долараў. З 1 студзеня — 5 тысяч еўра… Але, шчыра кажучы, у нас дзяржаўны банк, мы ўваходзім у пяцёрку дзяржаўных банкаў, таму мы, канечне, гарантуем вяртанне ўсяго!

Акрамя “Беларусбанку” і “Белінвестбанку” ў пяцёрку дзяржаўных банкаў уваходзяць “Белаграпрамбанк”, “Белпрамбудбанк” і “Прыорбанк”. Там, тэарэтычна, калі ўклад быў зроблены ў замежнай валюце, вам вернуць усё. У банку ж “Мінск-Масква”, як і ў астатніх, якія не ўваходзяць у “пяцёрку”, — 1000 долараў. І 5 тысяч еўра – з новага году.

Як працуе механізм гарантый, нам патлумачыў Леанід Заіка. Усе банкі адлічваюць невялікія сумы ў спецыяльны фонд, з якога ў выпадку крызісу і вяртаюць грошы ўкладчыкам:

“Кожны банк адлічвае ад грошай, што паступаюць,  невялікія сумы – гэта можа быць доля працэнтаў. Грошы адлічваюцца ў так званы рэзерв. І пасля, у выпадку невыканання фінансавых абавязкаў якім-небудзь банкам у рэгіёнах, Цэнтральны Банк за яго разлічваецца”.

Што тычыцца Беларусі, у нас апошнім гарантам з’яўляецца Нацбанк. Ён і павінен гарантаваць бяспеку ўкладаў. Нагадаем, з новага года гэта гарантыя павялічыцца да 5 тысяч еўра.

Дык, можа, пакуль не позна, лепш забраць грошы з банку і захоўваць іх ва ўласнай кватэры? Еўрарадыё патэлефанавала ў адзін з банкаў з просьбай падказаць, ці варта забіраць грошы? У банку прадказаць, як павядзе сябе эканоміка, не наважыліся.

“Белгазпрамбанк”: Мы ж не ведаем, пакуль працуем, праблемаў няма... Але, што будзе заўтра, таксама не ведаем. Таму што сёння – добра, а заўтра – ужо дрэнна... Мы ж не можам гарантый даць за эканоміку краіны. Пакуль у нас усё добра, а што будзе заўтра, ніхто не ведае.

Эканаміст Леанід Заіка кажа, што такое пытанне павінна быць адрасавана не да яго, а да прэзідэнта. І калі Лукашэнка ў бліжэйшы час не выступіць па тэлевізары, людзі сапраўды пачнуць хвалявацца:

“Пытанне павінна быць адрасавана кіраўніку Нацбанка Пятру Пракаповічу і кіраўніку дзяржавы Аляксандру Лукашэнку. Яны павінны сёння з’явіцца на экранах тэлевізараў і ясна сказаць – гарантуюць яны ці не. Калі яны з такой заявай не выступяць, як гэта зрабіла ў Германіі канцлер Меркель... і калі яны будуць адчэплівацца  агульнымі фразамі “всё хорошо, прекрасная маркиза”, то гэта выкліча напружанасць у грамадстве”.

Напрыканцы Леанід Заіка даў параду слухачам Еўрарадыё – не “рыпацца”, а не тое краіну ахопіць хаос:

“Чым менш людзі будуць цяпер рыпацца і здымаць грошы, тым спакайнейшая і больш надзейная будзе сітуацыя для эканомікі. Дастаткова сказаць “фас, ату яго!”, сказаць, што беларускія банкі вельмі ненадзейныя, бяжыце, забірайце грошы... І я вам скажу, што праз 4-6 дзён беларускі рубель абсалютна абваліцца. І краіна апынецца ў стане хаосу!”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі