Чым маладыя гурты збіраюцца здзівіць на Be Free?

“Re1ikt”, “Glofira” і “Hair Peace Salon” напярэдадні фэсту адказалі на пытанні Еўрарадыё. Маладыя гурты-пераможцы адбору на складанку “Будзьма!The Best – Rock”, што выступяць на фэсце Be Free у Чарнігаве, распавялі Еўрарадыё пра сваё стаўленне да конкурсаў і падзяліліся сакрэтамі наконт сваёй фестывальнай праграмы.

Гомельска-мінскі гурт “Re1ikt” арыентуецца на альтэрнатыўны заходні рок пачатку 90-х і лічыць сябе незвычайнай беларускай камандай. Фэст Be Free  для хлопцаў – выдатная магчымасць вялікага выступу, знаёмства з украінскай публікай:

Гурт “Re1ikt”: “Ад фэсту чакаем проста добрага, класнага выступу, падтрымкі ад тых людзей, якія прыедуць атрымоўваць асалоду ад пачутага і ўбачанага, ад украінскай публікі. Нядаўна свет пабачыў наш дыск, які мы хочам прэзентаваць на фэсце для ўкраінскай публікі. Гэта будзе наша першая буйная прэзентацыя для такой вялікай колькасці людзей, і добрая магчымасць падзяліцца сваёй музыкай не толькі з беларускім слухачом, але і з замежным”.

Яшчэ адзін гомельскі гурт “Glofira”, вядомы сваімі полілінгвістычнымі эксперыментамі, збіраецца выкарыстаць фестываль Be Free не толькі ў якасці добрай канцэртнай пляцоўкі: хлопцы прагнуць завесці кантакты з украінскімі гуртамі і патрапіць на ўкраінскія сцэны:

“Glofira”:
“Ад фэсту мы чакаем цікавых кантактаў з украінскімі гуртамі, хочам паказаць сябе ўкраінскай публіцы. Мы чулі ад нашых сяброў, што ва Ўкраіне публіка адкрытая, шчырая і не хавае сваіх эмоцый. Там вельмі прыемна выступаць. Хочам патрапіць у гэтую атмасферу”.

Вядомы мінскай публіцы сваімі лірычнымі баладамі гурт Hair Peace Salon не раз станавіўся пераможцам музычных конкурсаў. На фэсце Be Free хлопцы збіраюцца здзівіць сваіх прыхільнікаў драйвам, хуткасцю і гукам, раней не ўласцівых камандзе. Апроч таго, гурт плануе заспяваць і па-беларуску:

Hair Peace Salon:
“Праграма будзе больш драйвавай. Калі год таму нас прызвычаіліся чуць у больш акустычным варыянце з павольнымі кампазіцыямі, то новая праграма складаецца з драйвавых гучных хітоў на англійскай мове. Што-небудзь старэнькае выканаем. Гэтым і збіраемся радаваць. Думаю, ніхто не будзе асабліва расчараваны... У нас ёсць нашая старая песня, якую мы на англійскай мове выконвалі, а зараз у рамках праекта “Тузін. Перазагрузка” мы яе перарабілі на беларускую мову, і выканаем на фэсце. Яна называецца “Студзень”.

Як кажуць удзельнікі гурта Hair Peace Salon, конкурсы для іх – гэта рэалізацыя жадання развіцця гурта і творчасці, а таксама новыя прыхільнікі.

Нагадаем, Еўрапейскае радыё для Беларусі сумесна з культурніцкай кампаніяй “Будзьма беларусамі!” зладзілі конкурсны адбор на складанку “Будзьма!The Best – Rock”, пераможцамі якога сталі некаторыя сёлетнія ўдзельнікі фестывалю Be Free: гурты Hair Peace Salon, Glofira і Re1ikt.

Маладыя каманды збіраюцца парадаваць гледачоў Be Free сваімі сэтамі і жадаюць фэсту пашырыцца да памераў Вудстока, як мінімум!

Фота: Last.fm