Чым адрозніваецца “Белкарт” ад Visa і Mastercard?

Магу карткай заплаціць?

Можаце, калі ў вас не “Белкарт”. Іх не прымаем.

Чаму гэта?

Ну вось так. У рэкламе кажуць, што “свая кашуля бліжэй да цела”, але вось наш “Белгазпрамбанк” іх не прымае.

Прыкладна гэткі дыялог адбываецца паміж мной і прадаўцом аднаго з салонаў сувязі Мінска. Расплачваюся ў выніку карткай міжнароднай плацёжнай сістэмы. А каб даведацца аб прычынах гэткай дыскрымінацыі сістэмы нацыянальнай, звяртаюся ў Банкаўскі працэсінгавы цэнтр, які акурат курыруе сістэму “Белкарт”. Кіраўнік Упраўлення па развіцці плацёжнай сістэмы Вольга Баярэнка супакойвае: заплаціць карткай “Белкарт” можна амаль паўсюль.

“Большасць прымае. Паводле нашых падлікаў, у 99% гандлёвых кропак можна разлічыцца карткай “Белкарт”. Але ёсць асобныя банкі, якія не з’яўляюцца ўдзельнікамі сістэмы”.

Прычыну ігнаравання картак “Белкарт” мне тлумачаць у самім “Белгазпрамбанку”. Маўляў, банк фактычна расійскі і супрацоўнічае з Расійскім працэсінгавым цэнтрам. А на тэрыторыі нашага ўсходняга суседа “Белкарт” не працуе — толькі ў Беларусі.

Тым не менш у нашым працэсінгавым цэнтры тлумачаць, што “Белкарт” мае перавагі. Галоўная — незалежнасць ад… сусветных працэсаў.

“Напрыклад, калі ў нейкай міжнароднай сістэме ёсць часовы збой, то вы, маючы картку гэтай сістэмы, не будзеце дасяжнымі ў гэтай канкрэтнай сетцы”.

Яшчэ адна перавага — абавязковае выкарыстанне пін-кода падчас усіх аперацый. Калі картка згубіцца — ёй ніхто не зможа скарыстацца. Картай Visa, напрыклад, можна плаціць, і не ведаючы пін-кода.

Як даведалася Еўрарадыё, банкі выдалі ўжо каля 5 мільёнаў картак “Белкарт”. Гэта прыкладна 47% ад рынку. Абяцаюць хуткае з’яўленне разнавіднасцяў “Белкарт” — карпаратыўнай, дзіцячай, для інтэрнэту. Апошняя, аднак, будзе абмежаваная толькі нацыянальным сегментам сусветнай сеткі. Набываць ёй тавары і паслугі можна будзе толькі на сайтах, размешчаных у даменнай зоне .by. Калі з’явіцца жаданне купіць квіток замежнай авіякампаніі альбо забраніраваць гатэль на booking.com — трэба толькі міжнародная картка.

Нацыянальныя плацёжныя сістэмы не з’яўляюцца беларускім вынаходніцтвам. Яны дзейнічаюць у шмат якіх краінах свету. З 2002 года ў Кітаі існуе China UnionPay, у Ірландыі ёсць свая Laser, а ў Францыі — Carte Bleue. У Расіі адпаведны законапраект пакуль на разглядзе ў Дзяржаўнай думе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі