ЧС-2010: 1:1 у матчы Англія — ЗША і іншыя вынікі другога дню

У другі дзень чэмпіяната свету па футболе адбыліся тры матчы. У групе B зборная аргентынцы прадказальна перайгралі нігерыйцаў, а зборная Паўднёвай Карэі ўпэўнена разабралася з грэкамі. У групе С каманда Англіі нечакана страціла ачкі ў матчы са зборнай ЗША.
Гэта быў дзень хуткіх галоў. І карэйцы, і аргентынцы, і англічане забілі, калі табло не адлічыла і 10 хвілінаў гульні. Але далей кожны з матчаў склаўся па-свойму.

12 чэрвеня гульні чэмпіяната распачалі Паўднёвая Карэя і Грэцыя. Усходнія футбалісты забілі па голе ў кожным тайме. На 7-й хвіліне пасля падачы штрафнога адзначыўся Лі Чун Сун, а на 52-й Пак Джы Сун дзякуючы індывідуальнаму майстэрству правёў другі мяч. Вынік — 2:0.

У матчы АргентынаНігерыя быў забіты ўсяго адзін гол. Верон падаў кутнік, і Габрыэль Хайнце, якога нігерыйцы пакінулі аднаго ў цэнтры штрафной плошчы, галавой расстраляў вароты Вінсэнта Эньеама. Аргентынцы дамінавалі на полі цягам усёй гульні, але больш, дзякуючы высілкам афрыканскага варатара, забіць не здолелі. Сустрэча так і скончылася з лікам 1:0.

Дзень завяршыўся прынцыповым супрацьстаяннем футбола і сокера: АнгліяЗША: хто каго? Камбінацыя, якую на 5-й хвіліне гульні разыгралі Хескі і Джэрард, прывяла да хуткага гола. Здавалася, што ўсё ў гэтым матчы вырашана. Шматлікія англійскія заўзятары, якія часам рабілі сапраўдны подзвіг і перакрыквалі надакучлівыя вувузелы, чакалі ад сваіх куміраў наступных галоў. Але памылка варатара брытанцаў Роберта Грына, які выпусціў мяч з рук пасля дальняга ўдара Джона Дэмпсі, каштавала зборнай Англіі і пераможнага настрою, і двух ачкоў у табліцы. 1:1.

Заўтра чэмпіянат свету па футболе працягнецца матчамі Алжыр — Славенія, ГерманіяАўстралія і СербіяГана.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі