Чавусаў: Рэпрэсіямі ўлады хочуць загнаць пратэст у рэчышча паступовага затухання

Чавусаў: Рэпрэсіямі ўлады хочуць загнаць пратэст у рэчышча паступовага затухання

Каля 80 чалавек арыштаваныя за ўдзел у мітынгах, шмат лідараў апазіцыі апынулася за кратамі “на сутках”, людзям прысуджаюць вялізныя штрафы. Ці былі б беларусы здольныя на такі пратэст без арганізацыйных высілкаў апазіцыі, ці дадуць эфект рэпрэсіі і ці чакаць росту пратэстных настрояў, разважае ў студыі Еўрарадыё палітолаг Юрый Чавусаў.

Цалкам размову з Юрыем Чавусавым можна паслухаць тут.

Цікавыя моманты з размовы:

Акцыі, што цяпер адбываюцца, цяжка назваць беспрэцэдэнтна масавымі ў гісторыі Беларусі. Так, у Рагачове ўвогуле ўпершыню выходзіць на акцыю 350 чалавек, выходзяць масава ў абласных цэнтрах, але паглядзім, ці прывядзе гэта да эфекту “снежнага камяка” ― усе чакаюць, што будзе ў Мінску 15 і 25 сакавіка.

У акцый ёсць канкрэтныя арганізатары ― палітычныя структуры, якія бяруць адказнасць за іх правядзенне. Атрымліваецца, што яны слушна намацалі “нерв грамадства”.

Дэкрэт №3 ― проста нагода для таго, каб акумуляваць пратэстныя настроі, якія нарасталі цягам апошніх гадоў, калі драматычна пагоршыўся ўзровень жыцця насельніцтва і ўпалі даходы людзей. І выявілася, што працаўнікі ў правінцыі, якія атрымліваюць мізэрныя заробкі, больш схільныя да пратэстаў, чым прадэмакратычна настроеныя сталічныя жыхары.

Лукашэнка неаднаразова патрабаваў, каб чыноўнікі зрабілі так, як у Савецкім Саюзе ― адказнасць за дармаедства, абавязковая праца. Некалькі разоў дзяржапарат сабатаваў гэты загад, разумеючы, што забяспечыць усіх працай з годнымі заробкамі не ў стане.

Існавала сістэма: мы, дзяржава, заплюшчваем вочы на тое, што вы працуеце недзе за мяжой і не плаціце падаткі, а вы не ўдзельнічаеце ў палітычным жыцці, не ходзіце ні на якія акцыі. Дэкрэт гэтую дамоўленасць парушыў. І, што найбольш важна, быў прызначаны канкрэтны час, калі людзі мусілі атрымаць “лісты шчасця” з падатковай і заплаціць, а грошай, асабліва ў малых гарадах, у людзей на гэта проста няма. Апазіцыя ўдала гэтым скарысталася і вывела людзей на плошчы.

У акцый ёсць пэўная самаарганізацыя, ёсць мясцовыя актывісты ці блогеры, якія атрымліваюць вядомасць. Але Лукашэнка загадаў “выкалупваць разынкі з булкі”, і таму найперш арыштоўваюць актывістаў, журналістаў і тую інфраструктуру, праз якую грамадскі пратэст і арганізуецца. Бо пратэсты адбываюцца там, дзе яны прызначаныя апазіцыйнымі дзеячамі.

Якія б змены ў Дэкрэт №3 ні былі ўнесеныя, гэта не пазбавіць энергіі той пратэстны актыў, якія сфармаваўся ў Мінску і рэгіёнах. Таму ўлады дзейнічаюць у звыклым рэчышчы, спрабуючы рэпрэсіямі супраць актывістаў, журналістаў і нешматлікіх новых лідараў у рэгіёнах загнаць пратэст у рэчышча паступовага затухання.

Пікам грамадскай незадаволенасці павінен стаць Дзень Волі 25 сакавіка. Але тое, як гэтая акцыя пройдзе, будзе залежаць і ад таго, як пройдзе акцыя “недармаедаў” 15 сакавіка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі