Частка Бешанковічаў па паўгода ў ізаляцыі: у раёнах шкадуюць грошай на мост

Адкрыццё пантоннага моста ў Бешанковічах у 2021 годзе / gztzara.by
Адкрыццё пантоннага моста ў Бешанковічах у 2021 годзе / gztzara.by

У Бешанковічах узводзяць пантонны мост праз Дзвіну, які звязвае дзве часткі пасёлка. Адкрыццё запланаванае на травень. Звычайна яно праходзіць як свята. Аднак чаму радавацца, не зразумела.

Такія адкрыцці адбываюцца ўжо больш за дзесяць гадоў, кажуць мясцовыя жыхары. Прыкладна на паўгода ў Бешанковічаў з'яўляецца адзіны кароткі пераход паміж рознымі часткамі пасёлка. Восенню мост разбяруць. Людзям зноў прыйдзецца альбо перабірацца праз раку, альбо па аб'язной дарозе. Наладжаную лодачную пераправу пракуратура закрыла за парушэнні ў 2022 годзе.

Чаму не зрабіць пастаянны мост? Паводле слоў мясцовага жыхара, на гэта проста ніхто не хоча выдаткоўваць грошы. Справа ў тым, што зусім невялікая частка Бешанковіцкага раёна знаходзіцца на правым беразе Дзвіны. Там месцяцца каля 60 прыватных дамоў.

Часть Бешенковичей по полгода в изоляции: в районах жалеют денег на мост
Частка Бешанковічаў адсечаная Дзвіной разам з Шумілінскім раёнам. Чырвоным выдзелены часовы мост / скрыншот з google.com/maps

Па Дзвіне мяжа раёнаў праходзіць. Правы бераг — Шумілінскі раён. Эксклаў Бешанковічаў на другім беразе. 97 адсоткаў Бешанковічаў знаходзяцца на левым беразе, а 3 адсоткі — на правым.

Да 2009-га быў паром, потым сталі рабіць пантон з вясны да восені. Калі моста няма, выкарыстоўвалася невялікая лодка, якой у мінулым годзе забаранілі карыстацца, бо яна была ў дрэнным стане.

Часовы пантон трымаецца на вадзе, там няма апор, як у звычайнага моста. Яго можа знесці паводкай, і прыйдзецца новы купляць.

Так і здарылася ў 2022 годзе.

Часть Бешенковичей по полгода в изоляции: в районах жалеют денег на мост
Затопленая пераправа ў Бешанковічах у 2022 годзе / viciebsk.cc

Дамовіцца ўладам Шумілінскага і Бешанковіцкага раёнаў, каб узвесці мост разам, мабыць, не атрымліваецца. Хоць праз Бешанковічы праходзіць дарога рэгіянальнага значэння, якая ідзе і праз Шумілінскі раён. Чыноўнікі Бешанковічаў лічаць за лепшае ставіць часовы мост з дапамогай транспартных войскаў.

Часть Бешенковичей по полгода в изоляции: в районах жалеют денег на мост
Так узводзяць часовы мост у 2023 годзе / ВаенТБ

Збіраюць мост, увесь час "абараняюць". Хаця больш за ўсё яны [салдаты. — Еўрарадыё] там бухаюць ды з дамамі нізкай сацыяльнай адказнасці час бавяць. А ўвосень гэта ўсё разбіраюць ды салдат адвозяць у Жлобін, — апісвае працэс устаноўкі і догляду часовага моста карыстальнік твітара.

Наш суразмоўца з мясцовых жыхароў адзначае, што рух паміж рознымі часткамі Бешанковічаў не такі ўжо ажыўлены.

Я неяк там гуляў, так хвілін за 40 адна машына праехала. І гэта днём.

Яшчэ адзін карыстальнік твітара падкрэслівае, што ў адрэзанай частцы пасёлка жывуць у асноўным пажылыя людзі. Для іх мост крытычна важны.

Калі што здарыцца, то "хуткая" можа і не даехаць. І кожны год там "урачыстае адкрыццё" з песнямі, скокамі і аркестрам. За столькі гадоў ужо можна было пабудаваць нармальны мост, — мяркуе карыстальнік твітара.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі