Вы тут

Часопіс Time назваў чалавекам года 16-гадовую дзяўчыну

Грэта Тунберг / twitter.com/time

Амерыканскі часопіс Time назваў чалавекам года 16-гадовую дзяўчыну. Гэта — шведская школьніца і экалагічная актывістка Грэта Тунберг. Свет даведаўся пра яе летась, калі Грэта арганізавала "кліматычны" страйк каля будынка парламента Швецыі. Вядома, што ў шорт-лісце "Чалавека года" былі амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп, спікер Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША Нэнсі Пэласі, кітайскі кіраўнік Сі Цзыньпін, прэм'ер Новай Зеландыі Джасінда Ардэрн, кіраўнік Facebook Марк Цукерберг, удзельнікі акцый пратэсту ў Ганконгу ды іншыя.

"Яна звычайны падлетак, якому хапіла смеласці сказаць праўду і стаць іконай пакалення, — тлумачыць свой выбар рэдакцыя Time. — Распавядаючы аб абстрактнай небяспецы з пранізлівым гневам, Тунберг стала самым пераканаўчым голасам, які распавядае пра самую важную праблему, якая стаіць перад планетай".

Часопіс Time абірае чалавека года з 1927 года. І гэта не абавязкова адзін чалавек. Калі ў 2015-м чалавекам года была канцлер Германіі Ангела Меркель, а ў 2016-м — прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, дык у 2017 годзе — людзі, якія выступілі супраць сексуальных здзекаў і пераследаў, у 2018-м — журналісты, якія церпяць пераслед за свае погляды і пошук праўды (сярод іх — па-зверску забіты ў Турцыі Джамаль Хашогі з Саудаўскай Аравіі).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.