"Чароўнаму кроліку" абмежавалі свабоду ў фінале "Еўрабачання"

А на “разагрэве” The Prodigy Юра Дземідовіч можа выканаць свой хіт па-беларуску
У сераду ў студыі Белтэлерадыёкампаніі прайшла рэпетыцыя выступлення Юры Дземідовіча. Паколькі з Юрам кантакты да фіналу па-ранейшаму абмежаваныя, Еўрарадыё паразмаўляла з яго настаўнікам Уладзімірам Глушаковым і даведалася, што нумар будзе... крыху зменены.

Паводле настаўніка, захварэць на "зорную" хваробу Юра не паспеў, але яму “было няпроста”. На вуліцы хлопчыка пазнаюць, але аўтографаў яшчэ не бяруць.

“Безумоўна, Юра знаходзіцца ў незвычайных умовах, — гаворыць Уладзімір Глушакоў. — На яго шмат звяртаюць увагі, а яму трэба выступаць, а гэта вялікая аўдыторыя, прамы эфір...”.

Канцэпцыя нумару “кроліка” засталася без зменаў, бо “спадабалася людзям”. Аднак сам нумар крыху змяніўся, больш складанай стала вакальная партыя, з'явіліся дадатковыя рухі, “незвычайныя” касцюмы. Падтанцоўка, па словах настаўніка, тая самая, што і ў паўфінале.

Уладзімір Глушакоў:
“Патрэбная канцэнтрацыя, таму што стала больш складанай яго вакальная партыя, з'явіліся дадатковыя рухі. Гэта ўсё ў тэмпе трэба рабіць і сачыць, каб не збілася дыханне. Дастаткова складаны нумар. За гэтыя тры хвіліны ён мусіць і пабегаць, і паскакаць, і папрысядаць, а пасля праспяваць у найвышэйшым рэгістры на мяжы магчымасцяў. Паверце, гэта віртуозная праца!”.

Як даведалася Еўрарадыё, Юра Дземідовіч ужо не зможа імправізаваць на сцэне, яго свабоду абмежавалі. Па словах Уладзіміра Глушакова, больш прапісана роля саліста. Хаця, здаецца, куды ўжо больш.

Уладзімір Глушакоў: “У паўфінале мы яму болей давалі свабоды і ён дзесьці болей рабіў усё сам, што хацеў. Цяпер у нумары больш прапісалі яго ролю... У яго ўжо такой свабоды няма і ён мусіць усё паспець выканаць і пры гэтым яшчэ і спяваць. Стала цяжэй”.

А 5 кастрычніка Юра Дзямідовіч выступае на “разагрэве” The Prodigy. Еўрарадыё пацікавілася ў Уладзіміра Глушакова, чаго варта чакаць ад "кроліка".

“Пакуль мы не вырашылі, але дакладна, што будзе "Чароўны кролік", а другая — яшчэ паглядзім, — кажа Ўладзімір Глушакоў. — У нас ёсць для яго песня, але пакуль рана пра гэта гаварыць. Мы сканцэнтраваліся на фінале”.

Настаўнік не выключае, што “Чароўны кролік” на стадыёне можа праспяваць на беларускай мове.


Фіналісты выступяць у наступным парадку:

1. Кацярына Мяжэнная (Мінск), "Только любовь"
2. Група "РоКі" — Кірыл Ермакоў і Раман Валазнёў (Мінск), "Только вперед!"
3. Дар'я Шульгіна (Гродна), "Огненные ноты"
4. Юрый Дземідовіч (Мінск), "Волшебный кролик"
5. Злата Ларчанка (Дзяржынск), "Баба-Яга-2009"
6. Дзіяна Гузіно (Гродна), "Мечтаю летать"
7. Кацярына Мурашка (Магілёў), "День рождения"
8. Паліна Клішкова (Магілёў), "За звездой"
9. Магамед Асланаў (Гродна), "Тик-так"
10. Дзіяна Громава (Гомель), " Эй, мальчишки и девчонки"

Прамая трансляцыя конкурсу на Першым тэлеканале пачнецца ў чацвер пасля праграмы "Панарама".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі