Чарговы "зліў": чыноўнік Мінспорту ўгаворвае спартоўцаў зняць подпіс з-пад ліста

Чарговы "зліў": чыноўнік Мінспорту ўгаворвае спартоўцаў зняць подпіс з-пад ліста

У інтэрнэт трапіла размова чыноўніка, які ўгаворвае спартоўцаў зняць подпісы з-пад "няправільнага" ліста. Як піша Tribuna.com, яго голас нагадвае намесніка начальніка ўпраўлення нацыянальных камандаў Мінспорту Ігара Юдчыца.

Гаворка ідзе пра ліст за новыя сумленныя выбары і супраць гвалту. Яго падпісалі больш за 1250 спартоўцаў.

Чыноўнік пераконвае суразмоўцу, што сярод 47 прадстаўнікоў зборнай, якія падпісаліся пад зваротам, ёсць тыя, хто хоча зняць свой подпіс. 

"Зразумела, што ўсе мы супраць гвалту. Але там ёсць і палітычныя матывы. Выступ за зборную і гэтак далей. Калі ты згодная адклікаць свой подпіс і пацвердзіць гэта пры зносінах з мадэратарам або са СМІ, то за цябе паручуся я ці намеснік міністра Баравуля. Ён з табой размаўляў таксама, так?

Калі ты гатовая гэта зрабіць і не падвесці нас, то мы цябе са спісу гэтых людзей выдаляем. Ёсць спартоўцы, якія і заслужаныя, якія зразумелі, што зрабілі нейкі памылковы крок. Я не кажу, што трэба адмаўляцца ад элементаў гвалту, якія, можа быць, былі там. Тут палітычныя моманты. Супраць урада, супраць дзеючай улады. Мне зацягваць гэтае рашэнне не трэба, да абеду трэба мне спіс даваць", — кажа чыноўнік.

Ён рэкамендуе гаварыць журналістам, што спартоўцаў увялі ў зман: маўляў, мы супраць гвалту, але не супраць дзейнай улады. 

Раней чэмпіёнка свету па лёгкай атлетыцы Марына Арзамасава пад ціскам адклікала свой подпіс пад лістом за сумленныя выбары і супраць гвалту. Праз нейкі час яна напісала, што засталася без працы і фінансавання. Аднак у федэрацыі лёгкай атлетыкі заявілі, што яе ніхто не звальняў, бо яна не была ўладкаваная на працу ў Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі. Арзамасава, як паведамілі ў БФЛА, мае кантракт ва Узброеных сілах да 18 жніўня 2021 года, але цяпер знаходзіцца ў адпачынку па доглядзе дзіцяці. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі