Вы тут

Чарговы раскол у апазіцыі: АГП пракінула Канапацкую, тая выйшла з партыі

Ганна Канапацкая / Еўрарадыё

29 верасня ў Мінску прайшоў XIX з'езд Аб'яднанай грамадзянскай партыі. На ім вырашалася, каго АГП вылучае кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на выбарах, якія пройдуць 17 лістапада. Адзін з галоўных вынікаў з'езду — дзеючая дэпутатка беларускага парламента Ганна Канапацкая засталася па-за партыйным спісам.

Ганна прысутнічала на з'ездзе, але, па яе словах, ёй не далі слова, а па яе кандыдатуры адбылося асобнае галасаванне. Пасля яго Канапацкая прыняла рашэнне прыпыніць сваё сяброўства ў Аб'яднанай грамадзянскай партыі.

"Сённяшняе рашэнне не падтрымліваць маё вылучэнне не зразумеюць ні ў грамадстве, ні нашы заходнія партнёры, ні дыпламатычны корпус замежных дзяржаў, ні на пасяджэнні палітычнай камісіі ПАСЕ, у якім я буду прымаць удзел у аўторак. Сёння я адзіная дэпутатка ад АГП і правацэнтрысцкай кааліцыі. Самы рэйтынгавы і вядомы прадстаўнік апазіцыі як у Беларусі, так і за яе межамі, — каментуе Ганна Канопацкая. — Пра тое, што здарылася, раскажуць усе СМІ, у тым ліку і дзяржаўныя, што нанясе непапраўную шкоду АГП. Партыя на роўным месцы сама стварыла сабе праблемы, адмовіўшыся ад супрацоўніцтва са мной перад парламенцкай і прэзідэнцкай выбарчымі кампаніямі".

На з'ездзе АГП / www.facebook.com/ulad.kazak

Нядаўна ініцыятыўная група Ганны Канапацкой абвясціла, што сабрала 1 тысячу подпісаў, неабходных для вылучэння кандыдатам у дэпутаты. Такім чынам, яна мае магчымасць вылучыцца на выбары ў Палату прадстаўнікоў, нягледзячы на рашэнне з'езду АГП.

Дэпутат сама хадзіла па пад'ездах і пераконвала жыхароў Кастрычніцкай выбарчай акругі Мінска №97 падпісацца за сябе. Як гэта было — чытайце ў рэпартажы Еўрарадыё.

Ганна Канапацкая збірае подпісы / Еўрарадыё

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.