Чаргінец: Станавіцца лоўкостам "Белавія" не хоча, але не супраць стаць гібрыдам

Чаргінец: Станавіцца лоўкостам "Белавія" не хоча, але не супраць стаць гібрыдам

Калi знiжаюцца прыбыткi ў беларусаў, станавіцца лоўкостам у нацыянальнага авіяперавозчыка няма магчымасцяў. Найперш таму, што лоўкосты карыстаюцца выключна вялікімі самалётамі, запоўніць якія ў беларускіх умовах цяжка, кажа ў інтэрв'ю Еўрарадыё намеснік генеральнага дырэктара па маркетынгу "Белавіі" Ігар Чаргінец.

Чаргінец: “Лоўкосты звычайна працуюць так: возяць пасажыраў з кропкі ў кропку — транзітных пасажыраў там практычна няма. Значыць, павінен быць дастаткова высокі прыбытак у насельніцтва той краіны, адкуль ты выконваеш палёты. Мы наўрад ці набярэм па 189 пасажыраў на два рэйсы ў дзень у той жа Лондан. Не наўрад ці, а дакладна не набярэм. Не можа ў нас пакуль гэтая мадэль рэалізавацца. Таму і няма запытаў ад лоўкостаў для палётаў сюды”.

Тым не менш, кажа Ігар Чаргінец, "Белавія" імкнецца стаць кампаніяй, як мага больш набліжанай да лоўкоста.

Чаргінец: “Мы імкнемся стаць гібрыднай мадэллю паміж лоўкостам і традыцыйным перавозчыкам. Але нам неабходныя транзітныя пасажыры. І ў вялікіх аб’ёмах. Для падтрымання тых маршрутаў, якія ў нас існуюць, і для далейшага развіцця”.

Па словах Ігара Чаргінца, калі не параўноўваць кошты на пералёты з лоўкостамі, то на фоне іншых сусветных авіяперавозчыкаў цэны ў "Белавія" на квіткі альбо ніжэйшыя, альбо такія ж, як і ў кампаній-канкурэнтаў. І сёлета "Белавія" плануе перавезці каля 2,5 мільёнаў пасажыраў, летась было 2 мільёны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі