Чаму ў ВНУ не паступілі абітурыенты, якія падалі дакументы ў час?

Як даведалася Еўрарадыё, сотні абітурыентаў дачакаліся да апошняга і падалі дакументы пасля 18 гадзін, калі дзверы прыёмных камісій былі зачыненыя — і паступілі. Яны занялі месцы тых, хто ўсё зрабіў паводле правілаў. Мінадукацыі думае, як пазбегнуць такога ў наступным годзе У апошні дзень падачы дакументаў допуск у прыёмныя камісіі спыняўся а 18 гадзіне. Але яны былі вымушаныя працаваць да глыбокай ночы.

Усе камісіі ў апошні дзень працавалі згодна з адміністрацыйным лістом Мінадукацыі. А згодна з ім, яны павінны зарэгістраваць усіх, хто да 18 гадзінаў патрапіў у будынак прыёмнай камісіі, распавёў Еўрарадыё Барыс Нікульшын з прыёмнай камісіі БДУІР:

"Абслугоўваць трэба, гэта міністэрства нам сказала — што мы абавязаныя абслужыць усіх, хто застаецца ў фае з дакументамі на руках. Чалавека, які зайшоў у краму, мусяць абслужыць? Так. Тое самае і тут".

Рэч у тым, што апошнія абнаўленні ва ўсіх ВНУ былі ў розны час. Напрыклад, у БНТУ апошнія дадзеныя па конкурсе былі а 16 гадзіне.

"Апошняе абнаўленне ў нас прайшло а 16 гадзіне, каб да 18 пачалі падаваць. Збіраліся чэргі, але ўсіх, хто ўвайшоў да 18, мы рэгістравалі".

Аднак некаторыя ВНУ рабілі абнаўленне бліжэй да 18 гадзінаў, таму многія абітурыенты, якія бачылі, што не праходзяць, напрыклад, у БНТУ, забіралі дакументы і беглі ў БДУІР, дзе абнаўленне было пазней. А там ужо ўнутры будынка пасля 18-ці глядзелі, на што праходзяць, і маглі памяняць спецыяльнасць і факультэт. Бо прыёмныя камісіі на розныя спецыяльнасці і факультэты часта знаходзяцца ў адным будынку.

А той, хто падаў да 18-ці гадзінаў, упэўніўся, што праходзіць і пайшоў дамоў, — праляцеў. Бо былі і такія махляры, якія мелі на руках па некалькі запоўненых бланкаў і ў апошні момант падавалі на тую спецыяльнасць, дзе конкурс ніжэй.

А такіх, хто праляцеў, было шмат. У Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце 25 ліпеня падалі дакументы 680 чалавек, з іх 344 чалавекі былі зарэгістраваныя пасля 18.00

Сакратар прыёмнай камісіі БДЭУ
:

"Усе чакалі апошняга моманта, каб сфармаваўся канчатковы бал, каб ведаць, куды са сваімі баламі могуць прайсці. Таму тут у корпусе жахлівы натоўп быў і ўсе чакалі апошняй хвіліны".

А ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі пасля 18 гадзінаў зарэгістравалі каля 200 чалавек. І такія выпадкі не адзіныя! Да ночы працавалі камісіі усіх вядучых ВНУ сталіцы: БДУ, БНТУ, БДТУ, БДЭУ і БДУІР

У прыёмнай камісіі БНТУ Еўрарадыё распавялі, што гэта ўжо сістэмныя выпадкі:

"Гэта не адзінкавыя выпадкі. Гэта ўжо сістэма не першы год на шэрагу факультэтаў".

Таму склалася сітуацыя, што многія людзі не паступілі. Адныя не паспелі давезці дакументы ў новы ВНУ, а тыя, хто падалі дакументы загадзя і праходзілі, у апошні момант аказаліся ў канцы спісу і не прайшлі. А калі б засталіся ў прыёмнай камісіі, таксама маглі б перакінуць дакументы туды, куды лёгка праходзілі. Справакавала ж людзей сама сістэма, лічаць у БДУІР:

"Сваімі дзеяннямі яны гуляюць усляпую. Усе пабачылі, што на гэтым факультэце недабор. Кінуліся туды ўсе і стварылі там конкурс — і паднялі бал. Такой методыкай мы прымушаем іх так дзейнічаць. У шкоду самім сабе".

Прыёмная камісія накіравала прапановы ў Мінадукацыі, каб рэгламентаваць апошні дзень і гадзіны абнаўленняў інфармацыі, кажа Барыс Нікульшын:

"Мы напісалі свае заўвагі ў міністэрства, каб на апошні дзень усталяваць рэгламент інфармавання насельніцтва па колькасці пададзеных дакументаў".

Камісія па кантролі за ўступнымі экзаменамі таксама зрабіла свае заўвагі Міністэрству адукацыі. Цяпер там будуць вырашаць, як пазбегнуць такіх праблемаў у наступным годзе.


Фота: kp.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі