Чаму ў бяззоркавым гатэлі “Еўропа” такія высокія цэны?

У аддзеле ўпраўлення цэнавай палітыкі Мінгарвыканкаму не ведаюць, што гатэль так і не атрымаў пяці зорак. Еўрарадыё ужо расказвала, што камісія з Беларускага дзяржаўнага інстытута стандартызацыі і сертыфікацыі (гэта адзіная ўстанова ў краіне, якая выдае міжнародны сертыфікат) дала шанец кіраўніцтву гатэля выправіць усе хібы. Па словах начальніка сектара сертыфікацыі Людмілы Вокуць, ніякай заявы на канчатковую сертыфікацыю ад гатэля яшчэ не паступала. Відаць, хібы яшчэ засталіся, і хутчэй за ўсё зоркавы статус “Еўропа” зможа атрымаць толькі ў кастрычніку. Але цэны тут самыя высокія з усіх гатэляў. Напрыклад, самы танны нумар у чатырохзоркавым гатэлі “Мінск” каштуе 140 долараў, а ў “Еўропе” – 313 еўра, розніца кошту паміж апартментамі складае 300 долараў.

Еўрарадыё звярнулася па каментар да Людмілы Вокуць, наколькі гэта правамерна - устанаўліваць такія цэны.

Людміла Вокуць: Цэнаўтварэнне – гэта боль нашай рэспублікі, таму што ў нас няма такога дакумента. Катэгорыя гасцініцы не ўплывае на цану нумара.

Але галоўны бухгалтар “Мінску” сказала, што калі іх гатэлю дадуць статус пяці зорак, то яны абавязкова падымуць цану.

Галоўны бухгалтар: Наяўнасць большай колькасці зорак прадугледжвае і большасць затрат: нумары стануць значна больш камфортнымі, поўнасцю ўкамплектаванымі, зусім іншая сфера паслуг. Зразумела, калі затраты вялікія, тады і цэны такія.

Зараз усе цэны сталічных гатэляў зацвярджаюць у Мінгарвыканкаме, але начальнік упраўлення цэнавай палітыкі Камітэта эканомікі Іосіф Рачынскі нават і не ведаў, што “Еўропа” пакуль не атрымала пяці зорак. Узнікае пытанне, як тады ў выканкаме зацвярджалі кошт нумароў (спачатку цану ствараюць ў фінансава-эканамічным аддзеле гатэля, а пасля ўзгадняюць яе ў Мінгарвыканкаме).

Што датычыцца высокіх цэн, Іосіф Рачынскі адзначыў:

Яны ўстанавілі такія высокія цэны, мабыць, таму, што ёсць вялікі попыт. У нас 285-м указам не рэгулюецца гэтая сфера паслуг.

На самай справе толькі ў Дзень гораду запоўненасць гатэля была самай вялікай – 80%, сёння гэта лічба ніжэй. Кошт кожнага нумара быў зафіксаваны яшчэ да адкрыцця “Еўропы”, таму адкуль кіраўніцтва магло ведаць пра вялікі попыт, застаецца незразумелым. Еўрарадыё звярнулася па каментар у гатэль: з чаго склалася такая высокая цана? Але галоўны бухгалтар не захацела размаўляць, спаслаўшыся на тое, што гэта канфідэнцыйная інфармацыя.

Фота — www.hoteleurope.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі