Чаму Швецыя прыняла шмат мігрантаў з далёкіх краінаў, а беларусам адмаўляе?

Сярод прычын ёсць і зразумелыя — хоць і непрыемныя / @rubanau_collage
Сярод прычын ёсць і зразумелыя — хоць і непрыемныя.
Калі ў Беларусь прыйдзе дэмакратыя, наша краіна хутка зможа стаць усходнееўрапейскай Швецыяй, лічыць Зміцер Васэрман, прадстаўнік Народнай амбасады Беларусі. Ён прыехаў у Швецыю як палітычны ўцякач яшчэ ў 1996 годзе.
У Швецыі Змітру не падабаюцца толькі дзве рэчы: надвор’е ўзімку і паводзіны міграцыйнага агенцтва ў адносінах да беларусаў. Днямі стала вядома, што Швецыя адмовіла ў прытулку актывістцы стачкама МАЗ Але Цвірко. Там палічылі, што на радзіме жанчыне нічога не пагражае, — і прапанавалі набыць білет да Масквы.
— Міграцыйнае агенцтва з’яўляецца палітычна незалежнай установай. І ў гэтым выпадку яно дэманструе некампетэнтнасць. А палітыкі нічога не могуць зрабіць, бо не маюць права ўмешвацца ў канкрэтныя выпадкі.
Швецыя часта адмаўляе ў прытулку. Чаму?
Выпадак Алы — не адзіны. У 2022 годзе рашэнне на свой запыт на атрыманне прытулку атрымаў 141 грамадзянін Беларусі. Швецыя дазволіла застацца ў краіне толькі траім з іх. То-бок 98% атрымалі адмоўнае рашэнне, расказвае нам Зміцер.
— Сёлета рашэнне атрымалі 70 чалавек: пяцёра атрымалі прытулак, астатнім — адмовілі.
Падставы адмовы сведчаць аб поўным неразуменні сітуацыі ў Беларусі. Асноўная прычына, якой тлумачаць адмовы, — чалавек з’яўляецца недастаткова выбітным дзеячам апазіцыі. І гэта ў краіне, дзе можна сесці на некалькі гадоў за лайкі!
Часам беларусы чуюць іншы аргумент: калі ўлады не прыйшлі па цябе ў першыя ж дні пратэстаў, дык, магчыма, не такі ты і цікавы для іх? Шведы не ведаюць, а мы ведаем: у Беларусі людзей арыштоўваюць і праз два-тры гады пасля таго, як яны выйшлі на пратэст ці паставілі лайк пад “экстрэмісцкай” — а часам і ўвогуле любой — публікацыяй.
— І тэрміны, якія людзі атрымліваюць, з гадамі толькі растуць. У 2020 годзе чалавек атрымліваў за ўдзел ў пратэстах 14 содняў адміністрацыйнага арышту, а цяпер гэта 3-5 гадоў зняволення. Відаць, міграцыйныя ўлады Швецыі гэтага не ведаюць.
Але Цвірко шведская міграцыйная служба прапанавала набыць квіток у Расію, каб “дапамагчы” пакінуць шэнгенскую зону. Гэтая прапанова здзівіла шмат беларусаў.
— Такая прапанова сведчыць пра некампетэнтнасці і неразуменне міграцыйным агенцтвам сітуацыі ў Беларусі і рэгіёне. Я не ведаю, чаму яны так зрабілі, — гэта вельмі дзіўна. Пры ўмовах такой некампетэнтнасці я не разумею, за што там людзі атрымліваюць заробак.
Але ёсць і больш зразумелыя падставы для адмовы беларусам. У ЕС, членам якога з’яўляецца Швецыя, дзейнічае дублінскае пагадненне. Паводле яго чалавек павінны шукаць прытулку ў першай краіне, праз якую ён заехаў у Еўрасаюз. І на гэтай падставе яму могуць адмовіць у прытулку і выслаць у папярэднюю краіну.
— Але тут могуць быць варыянты. Напрыклад, калі чалавек едзе праз краіну транзітам. Транзіт — гэта калі ты затрымаўся ў краіне меней, чым на 24 гадзіны. А некаторыя Беларусы ляцелі ў Швецыю напрасткі — прыкладам, самалётам з Турцыі, — дадае Зміцер.
Але чаму Швецыя?
Жыццё ў Швецыі нятаннае, і шмат беларусаў сюды не едзе. Тыя, хто ўсё ж абірае гэтую краіну, робяць тое часцей за ўсё з асабістых прычын: тут могуць жыць сябры ці сваякі. Асабістыя кантакты заўсёды спрашчаюць працэс эміграцыі.
Што рабіць, калі Швецыя цябе не прыняла?
Калі чалавеку адмовілі ў прытулку, звычайна ёсць магчымасць абскардзіць рашэнне. І гэта бясплатна — плаціць за адваката не давядзецца.
— Але ж, прыкладам, Ала абскардзіла рашэнне ў дзвюх інстанцыях — і ўсё роўна атрымала адмову. Што рабіць далей? Абскардзіць у міжнародных інстанцыях — Еўрапейскім судзе па правах чалавека і Камітэце ААН супраць катаванняў.
Але гэта патрабуе грошай — тут ужо вам адваката не дадуць, за яго давядзецца плаціць. Да таго ж, чалавек патрапляе ў лімба-сітуацыю. Пакуль яго справа разглядаецца, працаваць ён не можа.
Калі беларус і тут атрымлівае адмову — давядзецца пакінуць Еўрасаюз.
Дык што, шведы нічога пра нас не ведаюць?
У 2020 годзе беларусы былі ва ўсіх шведскіх газетах і на ўсіх шведскіх экранах, кажа Зміцер. І шведскія палітыкі гэта помняць. Але шведскія палітыкі — гэта не ўсе шведы.
— Беларусь застаецца досыць невядомай краінай для шведаў. А пасля пачатку вайны ва Украіне яна амаль зусім знікла са старонак газет. Калі і з’яўляецца зноў, дык не ў найлепшым святле.
Напрыклад, апошнім разам пра нашу краіну пісалі, калі Лукашэнка запрасіў вагнераўцаў. Гэта дадало цікаўнасці да краіны — але не да дэмакратычнага руху. Проста ў гэты момант дыктатура Лукашэнкі зрабілася пагрозай для Еўропы.
Але так, калі мы [Народная амбасада] сутракаемся з палітыкамі, яны добра ставяцца да нас. Яны помняць, што народ адмовіў Лукашэнку ў падтрымцы і што змагаўся, каб атрымаць свабоду. Дарэчы, пра гэта сведчыць і прэмія імя Анны Лінд, якую Святлана Ціханоўская атрымала некалькі тыдняў таму.
Але для большасці людзей Беларусь застаецца невядомай.
Можа, праблема ва ўнутрыпалітычнай сітуацыі?
Агульнае стаўленне да мігрантаў уплывае і на стаўленне да беларускіх уцекачоў, пагаджаецца наш суразмоўнік.
— З 2015 года Швецыя была адной з найбольш адкрытых краін для мігрантаў. Сюды ехалі тысячы чалавек з Сірыі, Афганістана, паўднёвай Афрыкі. І гэта працягвалася, пакуль Швецыя не зразумела, што яе чакае калапс, што яна не можа інтэграваць такую колькасць людзей.
Нагадаем, менавіта праз тое, што Швецыя адмаўляецца выдаваць курдскіх уцекачоў, Турцыя доўгі час блакавала яе шлях у NATO.
— Цяпер маятнік хіснуўся ў іншы бок. Краіна намагаецца сканцэнтравацца на інтэграцыі тых, каго ўжо прыняла.
Але ж колькасць беларусаў у агульнай колькасці мігрантаў — кропля ў моры. І да таго ж беларусы звычайна не маюць праблем з інтэграцыяй. Яны хутка вучаць мову, хутка ўладкоўваюцца на працу.
Гэта парадаксальная сітуацыя: Швецыя прымала шмат мігрантаў, калі крызіс быў далёка. А цяпер, калі крызіс побач, пачала адмаўляць у прытулку. Вядома, сітуацыя павінна быць адваротнай.
Беларусь — патэнцыйная Швецыя
Але ж Зміцер любіць Швецыю — і лічыць, што Беларусь мусіць жыць гэтак жа, як гэтая скандынаўская краіна. Сам ён працуе ў банкаўскай сферы і валанцёрыць у Народнай амбасадзе Беларусі.
— У жыцці тут шмат плюсаў. Швецыя — гэта развітая дэмакратычная краіна, дзе ў людзей ёсць не толькі дэмакратычная сістэма, але і дэмакратычная культура. Людзі намагаюцца адно аднаго слухаць, чуць і прымаць да ўвагі меркаванні адно аднаго.
Думаю, пасля вяртання дэмакратыі ў краіну Беларусь даволі хутка стане падобнай на Швецыю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.