Чаму школьныя падручнікі за другі і шосты клас даражэюць удвая?

Чаму школьныя падручнікі за другі і шосты клас даражэюць удвая?

Вучням другога класа за карыстанне кніжкамі давядзецца заплаціць сем рублёў 70 капеек. Гэта ўдвая болей, чым летась. Таксама ўдвая расце плата за шосты клас.

"Там, дзе плата вырасла, там новыя падручнікі з'явіліся", — лагічна адказваюць Еўрарадыё ў Інстытуце адукацыі.

Але, як даведваемся, у другім класе ў школьнікаў будуць толькі два(!) новыя падручнікі, у шостым — пяць.

"Гэта падручнікі пад новыя адукацыйныя праграмы, у другім класе два новыя падручнікі, у пятым таксама два, у шостым — пяць. Астатнія яшчэ дзейнічаюць. Ёсць інструкцыя, калі падручнік перавыдавалі пяць гадоў таму, няма сэнсу яго мяняць. У іншых падручнікаў яшчэ не выйшаў тэрмін выкарыстання", — тлумачаць у Інстытуце адукацыі.

Самыя дарагія кнігі сёлета — за шосты клас, за год — 14 рублёў.

Накіроўваемся ў сталічную школу нумар 40 у самым цэнтры Мінска, каб праверыць, як выглядаюць тыя падручнікі.

Новую партыю за шосты і другі класы сюды яшчэ не завезлі, чакаюць да верасня. У бібліятэцы адразу папярэджваюць, больш за пяць гадоў падручнікамі не карыстаюцца. Праверым.

Падручнік па фізіцы для шостага класа выдаваўся ў 2010 годзе, шэсць гадоў таму. То бок ён прайшоў праз пяць рук, і калі новыя ў гэтым годзе не падвязуць, пройдзе праз шостыя. Бацькі школьнікаў плацяць палову кошту, значыць, падручнік акупляецца за два гады і яшчэ тры зарабляе.

Падручнік па беларускай мове за 9 клас выдадзены ў 2011 годзе. Сёлета яго яшчэ можна выкарыстоўваць, але гэта будзе апошні, пяты год. Падручнік па геаметрыі за 9 клас яшчэ "малады", выдадзены ў 2012 годзе. Яму "жыць" яшчэ два гады.

Ва Украіне і Расіі за кнігі не плацяць, друкуюць за кошт дзяржавы. Украінскія школьнікі таксама як і беларускія атрымоўваюць новыя падручнікі раз на пяць гадоў: так прапісана ў законе.

"Па нарматывах карыстаюцца пяць гадоў, але як з'яўляюцца сродкі, выходзяць новыя. Цяпер, вось, для восьмага класа новыя развозім", — дзеляцца ў профільным інстытуце, які займаецца дапаможнікамі для школ.

За чатыры гады падручнікі для шостага класа падаражалі ў сем разоў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі