“Чаму праз 15 хвiлін пасля паразы ў нашых футбалістаў вясёлы настрой?”

Трэнер зборнай Юры Пунтус паскардзіўся Еўрарадыё на сваіх футбалістаў і сказаў, што калі яго не зменяць на пасадзе, то ён возьмецца за бізун. Пасля пройгрышу балгарам другі раз запар Беларусь згубіла надзею трапіць у фінал чэмпіянату Еўропы. І ў той жа вечар беларускія заўзятары прыняліся гадаць, хто будзе наступным трэнерам зборнай. Але Юры Пунтус зыходзіць не спяшаецца. У паразах вінаваціць футбалістаў і свой дэмакратызм. Еўрарадыё выслухала скаргі Юрыя Пунтуса і задалося пытаннем, ці патрэбен нам іншаземны трэнер.

Як прызнаецца Юры Пунтус, за межамі поля ў яго былі вельмі добрыя адносіны з хлопцамі. Але на поле выходзяць ужо не простыя хлопцы, а “зоркі”:

“Добрая і працоўная атмасфера – гэта адно. А ненармальныя выхадкі сябелюбаў – гэта, у маім разуменні, зусім іншае. У зборную выклікаюцца людзі ўжо дзякуючы свайму прозвішчу. Але яны згубілі тую павагу да краіны, да нашага беларускага футболу”.

Па словах трэнера, злую ролю згулялі яго “мяккія” адносіны да спартоўцаў.

Юры Пунтус: “Я спрабаваў трымаць дысцыпліну, але патрабаваў выканання ў дэмакратычнай форме. Аддаючы ім усяго сябе, усю сваю дабрыню. На жаль, менталітэт шматлікіх нашых хлопцаў такі, што патрэбны іншыя законы, патрэбен бізун для патрабавання выканання гэтых законаў”.

Цікава, што тыя ж думкі раней выказваў былы капітан зборнай Сяргей Гурэнка, які адмовіўся гуляць у гэтай камандзе. Тады трэнер не змог зразумець капітана. Зараз, па чутках, зборную можа пакінуць яшчэ адзін футбаліст – Цімафей Калачоў, якога не задаволіла, што трэнер замяніў яго за хвіліну да перапынку. Аднак Пунтус пра такія заявы ад гульца нічога ня ведае.

Больш за ўсё незразумела для трэнера тое, што футбалісты ачунялі праз 15 хвілін пасля паразы.

Юры Пунтус: “Параза не можа хутка забывацца. Настолькі хутка, што літаральна праз 15 хвілінаў чалавек ужо быў настолькі вясёлы. Але сёння ёсць такая тэндэнцыя, што гэта нармальна: чым хутчэй забудзеш, тым лепш згуляюць у наступным матчы...

Але ж наступны матч у нас у жніўні, а забыліся яны на яго, роўна памыўшыся ў цёплай вадзе ў душы... Мне цяжка пра гэта казаць, таму што я да перамогі не магу забыцца на паразу”.

Нагадаем, менавіта ўсмешка на твары беларускага нападаючага Віталя Кутузава, якую злавіла тэлекамера пасля прапушчанага гола ад славенцаў, выклікала скандал некалькі месяцаў таму. Кутузава тады нават часова адлічылі са зборнай. Зараз зноў беларусы прайграюць з усмешкай.

Калі беларускія трэнеры ня ладзяць са зборнай — можа, пашукаць трэнера-іншаземца, з якім футбалістам будзе няёмка пасміхацца. Журналіст газеты “Прессбол” Сяргей Шчурко ўпэўнены, што нашаму футболу патрэбен несавецкі менталітэт:

“Замежніка трэба знайсці талковага. Пажадана з несавецкім менталітэтам. Я не бачу нічога ганебнага, калі замежнікі робяць нешта лепш, чым мы, а яны, відавочна, у футбол гуляюць лепш за нас, напрыклад галандцы, чэхі, італьянцы.

Проста запрасіць іх спецыяліста, каб ён паказаў сваё бачанне футболу. На наша бачанне футболу мы ўжо наглядзеліся, было ўжо шмат беларускіх трэнераў”.

А вось на думку былога трэнера зборнай Анатоля Байдачнага, замежны трэнер таксама нічога не зможа. Дарэчы, Байдачны ўзгадвае на гэтую тэму свой любімы анекдот:

“Запрашаюць беларусы іншаземнага трэнера і пытаюць у яго:

- Што трэба, каб у нас была добрая каманда?


- Патрэбны ўсяго дзве рэчы, - адказвае трэнер. - Грошы і час. У вас няма грошай, а ў мяне няма часу”.


Фота — images.ibox.bg

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі