Чаму Мілінкевіч не ідзе на парламенцкія выбары?

Еўрарадыё спытала палітыка, ці не спужаўся ён пройгрыша
Аляксандр Мілінкевіч заявіў, што не пойдзе на парламенцкія выбары.
Гэта выклікала шмат супярэчлівых меркаванняў: хтосьці казаў, што Мілінкевіч спужаўся прайграць не Лукашэнку, а нікому невядомаму Васю Пупкіну, іншыя сцвярджалі, што такім чынам ён не хоча перашкаджаць апазіцыйнай кааліцыі,у якую не ўваходзіць, вылучаць адзіных кандыдатаў у Палату прадстаўнікоў. Еўрарадыё паспрабавала атрымаць верагодную прычыну з першых рук.

Аляксандр Мілінкевіч:
Таму што я лічу, што шмат больш карысці магу прынесці, калі буду ў складзе груп падтрымкі кандыдатаў. Я так працаваў на мясцовых выбарах, лічу, я наведаў больш за 40 гарадоў, выступаў на сходах, стаяў у пікетах, хадзіў па хатах. Гэта значна больш эфектыўна, чым працаваць на адной акрузе.


-- Аднак брэнд “Аляксандр Мілінкевіч” у якасці кандыдата мог бы прынесці больш рэзанансу?

Аляксандр Мілінкевіч: Не, я лічу, што абсалютна не. Мой вопыт і тое, што ёсць, і тое, што было раней паказвае, што не трэба мне замыкацца. Я ўдзельнічаў у выбарах прэзідэнцкіх і буду удзельнічаць у наступных, і мне вельмі важна як мага больш гарадоў наведаць у час гэтай кампаніі. Дастойных людзей шмат, і калі ім трэба паказаць сябе – яны пакажуць.

-- Вы проста баіцеся прайграць?

Аляксандр Мілінкевіч: Ведаеце, нельга прйіграць у тым, чаго няма, а выбараў у Беларусі даўно няма і не будзе пры гэтай уладзе. А гэта проста чарговая кампанія, якую трэба скарыстаць. Сёння самае галоўнае – працаваць з насельніцтвам, мы так заўсёды казалі. Але я б на гэтых выбарах заняў больш актыўную пазіцыю, а не такую пасіўную, як раней, калі мы згаджаліся гуляць па правілах улады. І трэба заняць больш актыўную пазіцыю пры фарміраванні ўчастковых камісій. Можна ставіць умовы, што калі не будзе там ад нас людзей, то мы не ўдзельнічаем у гэтых выбарах. То бок я б ставіў ультыматумы ўладзе.

--Спроба байкота ўжо была ў 2000 годзе – і гэтая тактыка правалілася….

Аляксандр Мілінкевіч: Ну, гэта была прымітыўная спроба, таму што мы сказалі: “А яны не дэмакратычныя, крывавы рэжым, таму мы ўдзельнічаць не будзем”. Я аб іншых рэчах. Калі мы пачынаем вылучаць дастойных людзей у камісіі, а потым, калі нам адмаўляюць, мы пачынаем вялікую кампанію па інфармаванні насеьніцтва – гэта байкот актыўны. Бо сёння 70 адсоткаў людзей лічаць, што выбары ў нас сумленныя.

-- А вам не падаецца, што Мілінкевіч-дэпутат змог бы зрабіць больш, чым Мілінкевіч, які ходзіць па хатах?

Аляксандр Мілінкевіч: Не будзе Мілінкевіча-дэпутата, не будзе іншых дэпутатаў, не трэба мець ілюзій, што ёсьць выбары, дзе выбіраюць. Дэпутатаў прызначаюць. І няма ніякага сэнсу прызначаць Мілінкевіча дэпутатам.

-- А калі б вы усё ж такі пайшлі на выбары ў якасьці кандыдата ў дэпутаты, уявіце сабе, наколькі б пільнай была ўвага прэсы да вашай акругі. Тут ужо асабліва не пафальсіфікуеш…

Аляксандр Мілінкевіч: Вынікі фальсіфікуюцца незалежна ад прэсы, таму што камісіі, якія падпісваюць пратаколы, галасы не лічаць. Нават калі б такі цуд здарыўся, улада захацела паказаць Захаду, што ў нас ужо поўная дэмакратыя, -- што такі чалавек можа зрабіць у парламенце? Якія правы ў парламента? Усё вырашаецца ў адміністрацыі прэзідэнта.

-- Аднак у прэзідэнцкіх выбарах, якія таксама нечыстыя, вы ўдзельнічаць, тым не менш, збіраецеся.

Аляксандр Мілінкевіч: Прэзідэнцкія выбары – гэта адзіныя выбары, дзе ёсьць магчымасць вывесці людзей на вуліцы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі