Чаму дэзерціра, які пятнаццаць гадоў хаваўся ад войска, не пасадзілі

Ад сваякоў і суседзяў Пятра Грынькова Еўрарадыё даведалася, як хлопец уцёк з войска, і якім чынам сям'я ўвесь гэты час хавала ўцекача ад міліцыі і ваеннага камісара  Еўрарадыё сталі вядомы падрабязнасці "справы віцебскага дэзерціра", якога судзілі за ўцёкі з ваеннай часці толькі праз 15 гадоў пасля здарэння. Восем гадоў з гэтых пятнаццаці Грынькова, які сам родам са Шчучынскага раёна, не маглі затрымаць.

Хоць ваенная пракуратура і паведаміла віцебскай рэгіянальнай прэсе пра гэты выпадак, але акалічнасці справы трымаліся ў строгім сакрэце. Паведамлялася толькі прозвішча дэзерціра — Транькоў.

Правёўшы расследаванне, Еўрарадыё высветліла, што Транькоў — гэта псеўданім. Сапраўдныя імя і прозвішча дызерціра — Пётр Грынькоў. Сям'я гэтага чалавека жыве на хутары ля вёскі Плянты Шчучынскага раёна.

Раней у прэсе паведамлялася, што мужчына хаваўся ад міліцыі па лясах, а быў затрыманы, калі аднойчы вярнуўся ў родную хату. Але як расказаў сусед Грыньковых дзед Тадэвуш, дэзерцір увесь гэты час хаваўся ў сваёй жа хаце, а з войска прыкладна ў 1995 годзе ўцёк з-за дзедаўшчыны. Прытым зрабіць гэта яго прымусіла родная маці.

Дзед Тадэвуш: “Гавораць, што пабіўся ён з нейкім салдатам, яму надавалі там, пабілі. І ён, здаецца, заявіў начальству, а начальства нічога не зрабіла. Яна паехала і забрала яго”.  

Дзед Тадэвуш кажа, што арыгінальнае жытло Грыньковых стаіць глыбей у лесе. Яно, дарэчы, замаскіравана, як нямецкі бункер часоў Першай сусветнай вайны.

Уся гаспадарка Грыньковых агароджана плотам, уздоўж плота густыя насаджэнні дрэваў, таму хаты амаль не відаць. Брамку можна адчыніць толькі з унутранага боку. На вокнах усталяваны краты. Як расказалі ў Шчучынскім райвыканкаме, гэта была ідэя матулі дэзерціра, каб у хату раптоўна не ўлезлі якія-небудзь ваенныя камісары ці міліцыянты.  

Бацька дэзерціра, таксама Пётр Грынькоў, толькі пасля дзесяці хвілін нервовай размовы  трохі супакоіўся і загаварыў.

Пётр Грынькоў-старэйшы: “Дык ужо ж!.. Пятнаццаць гадоў ужо акончылася! Усё, мой сын адстаяў сваю праўду, усё! Ідзіце адсюль!”

Пра тое, што адбылося з сынам у войску, ён гаварыць спачатку не хацеў, але пасля не вытрымаў.  

Пётр Грынькоў-старэйшы: “Білі яго, так, білі. Як прыехаў, гузікі на кіцелі збітыя былі. Казаў, што білі па грудзях. Маці хацела сюды яго забраць, ёй дрэнна зрабілася. Я туды паехаў, але на адзін дзень не паспеў — сын адтуль збег. А перад гэтым даслаў ліст: “Маці, бацька, прабачце!" Маці кажа: “Не магу вытрымаць, дзедаўшчына там…”. І з ваенкамата тут хадзілі, і з міліцыі кожны дзень. Усё, усё, ідзіце!”.  

Як расказалі ў сельскім савеце, аблаву на дом Грыньковых зладзілі толькі праз восем гадоў пасля ўцёкаў Пятра. Дэзерціра затрымалі. Нягледзячы на гэта, следства расцягнулася аж на сем гадоў, увесь гэты час Грынькоў працягваў хавацца ў сваім “бункеры”. Мясцовыя кажуць, што справе наўмысна не давалі ходу. Бо калі б у вайсковай часці, дзе служыў Грынькоў, "раскруцілі" дзедаўшчыну, то "ў многіх высокіх чыноў узніклі б праблемы".

Каб не заводзіць новую крымінальную справу, прытарможвалі і справу Грынькова. І ўрэшце вайсковы міжгарнізонны суд Віцебска пастанавіў спыніць крымінальную справу дэзерціра ў сувязі са сканчэннем тэрмінаў даўнасці прыцягнення да крымінальнай адказнасці. Праз пятнаццаць гадоў хованак ад войска і міліцыі Пётр Грынькоў можа нарэшце свабодна ўздыхнуць.

Пытаемся ў бацькі "дэзерціра", дзе зараз сын.

Пётр Грынькоў-старэйшы: “Мой сын, усё нармальна, працуе, у Мінску, усё...”.

Еўрарадыё: “Суседзі кажуць, што ў Лідзе”.

Пётр Грынькоў-старэйшы: “Ну хай у Лідзе! Ну што? Хай у Лідзе!”.

Па словах суседзяў, Пётр Грынькоў і сапраўды жыве ў Лідзе. Туды ж з ім разам пераехала і маці — аднаго сына яна не адпусціла. Пятру споўнілася 33 гады, жонкі ён не мае.

“Ён рамантуе  машыны, ён спецыяліст”, — паведаміў Еўрарадыё на развітанне сусед Грыньковых дзед Тадэвуш.






Хата Грыньковых нагадвае вайсковы бункер


Усе падыходы да гаспадаркі абгароджаны плотам, рэдка дзе ўздоўж плота не расце высокая і густая расліннасць


Пётр Грынькоў-старэйшы і пасля суда не расказвае, чым займаецца і дзе жыве яго сын

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі