Чаму Беларусь не заплаціла запазычанасць за газ

Як даведалася Еўрарадыё, грошы, якія “Газпром” заплаціў за акцыі “Белтрансгазу”, былі пераведзеныя ў золатавалютны рэзерв. Для чаго ўлада збірае грошы? Золатавалютныя рэзервы Беларусі на 1 ліпеня 2007 года нечакана выраслі да 2,9 мільярдаў. Яшчэ год таму яны былі амаль у паўтара раза менш, а месяц таму складалі 2,24 мільярда.

Гэта значыць, што толькі за червень сума рэзерву павялічылася больш чым на 600 мільёнаў! Адкуль у Беларусі такія грошы, тым больш, што краіне трэба было заплаціць запазычанасць за газ? Тлумачыць Анатоль Драздоў, начальнік упраўлення Нацбанку.

Анатоль Драздоў: У чэрвені галоўныя крыніцы папаўнення золатавалютных рэзерваў – гэта набыццё замежнай валюты на міжбанкаўскай валютнай біржы Нацыянальным банкам, а таксама паступленне платы за пакет акцыяў “Белтрансгазу”.

Рашэнне перавесці грошы за “Белтрансгаз” менавіта ў золатавалютны рэзерв замест таго, каб, напрыклад, расплачвацца імі за газ ці інвеставаць у эканоміку, выклікала шмат пытанняў.

Анатоль Драздоў каментаваць гэты крок адмовіўся, спаслаўшыся на тое, што такія рашэнні не яго кампетэнцыя, а ўраду. А вось эканаміст Яраслаў Раманчук на гэты конт сказаў наступнае:

Яраслаў Раманчук: З усіх магчымых варыянтаў у межах існай эканамічнай палітыкі — гэта не дрэнны варыянт. Горш будзе, калі потым гэтыя рэзервы будуць бязглузда выдаткаваныя на падтрымку курса.

Палітолаг Андрэй Суздальцаў звярнуў увагу на іншы бок справы:

Андрэй Суздальцаў: У мяне такое адчуванне, што беларускі ўрад зараз заняты актыўным збіраннем грошай. А навошта ён іх збірае, сказаць цяжка. Ці то для таго, каб перажыць цяжкія часы, калі ў бліжэйшыя тры гады Беларусь будзе вымушаная пераходзіць на сусветныя кошты па энерганосьбітах, ці то для пабудовы атамнай электрастанцыі, ці то ўвогуле ствараюцца нейкія рэзервы толькі для кіруючай эліты.

Дарэчы, 8 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад старшыні праўлення Нацыянальнага банку Пятра Пракаповіча давесці золатавалютны рэзерв да 3 мільярдаў ужо да канца гэтага года, а не да 2010-га, як заяўлялася раней.

На пытанне Еўрарадыё, наколькі гэта рэальна, Анатоль Драздоў адказаў:

Анатоль Драздоў: Калі старшыня Нацыянальнага банку паабяцаў кіраўніку дзяржавы, што мы давядзем да трох мільярдаў, значыць, мы давядзем.

Яраслаў Раманчук, аднак, не так аптымістычна выказваецца на гэты конт:

Яраслаў Раманчук: Калі толькі перакінуць усе сродкі на тое, каб давесці золатавалютны рэзерв да гэтага паказчыка, тады, канешне, гэта можна зрабіць. Пытанне толькі ў тым, навошта і наколькі гэта дапаможа беларускай эканоміцы. Мне падаецца, урад трапіў у пастку стабільнага валютнага курсу і не звяртае ўвагі на тое, што расце напружанне паміж станам гандлю і плацежнага балансу, пакутуе і рэальны сектар, пакутуе і банкаўская сістэма, і магчымасць Беларусі вырабляць даданы прадукт і пастаўляць тавары і паслугі ў краіны, якія б плацілі валютай. Гэта нагадвае мне набліжэнне да аналагічнага перыяду 98-га года ў Расіі, у Таіландзе 97-га года, калі пры фіксаваным валютным курсе эканоміка не вытрымала такога напружання, і адбыўся ці дэфолт, ці востры крызіс.

У той момант, калі прэзідэнт загадвае нарошчваць золатавалютны запас, Беларусь, якая з пачатку года набывае у Расіі газ па кошце 100 долараў за 1000 кубаметраў, але фактычна плаціць 55, за паўгода накапіла запазычанасць.

Ці была яна выплачаная, Еўрарадыё спыталася ў Андрэя Суздальцава:

Андрэй Суздальцаў: Беларускі бок яшчэ Газпрому не заплаціў больш за 500 мільёнаў запазычанасці за газ, якая набралася з 1 студзеня да 30 чэрвеня.

— Ці была даўмоўленасьць на канкрэтны тэрмін выплаты запазычанасці?

Андрэй Суздальцаў: Пакуль такой дамоўленасці няма. Была нейкая адтэрміноўка, заяўленая толькі з беларускага боку, – заплаціць да 23 ліпеня.

Дата, якую называў палітолаг, – зусім не далёкая, засталося менш за два тыдні. Чым Беларусь будзе плаціць? Меркаванне Яраслава Раманчука:

Яраслаў Раманчук: Міністэрства фінансаў сабрало столькі грошай, што разрыў паміж выдаткамі і прыбыткамі ўтварыўся ажно ў 8 адсоткаў ВУП, а гэта велізарная сума. Мяркую, што акурат гэтыя грошы і будуць выдадзеныя на тое, каб выплаціць пазыку “Газпрому”.

А вось што мяркуе наконт таго, ці здолее Беларусь заплаціць пазыку, Андрэй Суздальцаў:

Андрэй Суздальцаў: Ёсць вялікія сумневы. Мы ад Масквы адсочвалі ашчаджэнні грошай для праплаты гэтай пазыкі. Насамрэч, беларускія спажыўцы з 1 студзеня плацілі нават больш за сто долараў за 1000 кубамераў газу, то бок, па ідэі, грошы ў беларускага боку ёсць. Аднак ёсць рублі, а канвертаваць іх складана. Хутчэй за ўсё, яны разлічваюць, што ўсё ж такі змогуць атрымаць крэдыт, які просяць цяпер у Расіі.

Дарэчы, наконт крэдыту. На сённяшні дзень Беларусь просіць у Расіі 2 мільярды долараў. З адказам, наколькі гэта слушна – Яраслаў Раманчук:

Яраслаў Раманчук: Ну, можна і 5 папрасіць, ад гэтага сітуацыя не мяняецца, бо Расія разумее, што эканоміка Беларусі вельмі ўразлівая на становішча беларускіх тавараў на расійскім рынку, а таксама на тое, які энергетычны грант мы атрымаем ад Расіі, таму час гуляе на яе, а не на Беларусь.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі