Чалы: З Расіяй мог бы атрымацца цікавы размен ільготамі

Ці захоўвае Беларусь шансы на хуткае ўступленне ў Сусветную гандлёвую арганізацыю? Чаму Расіі выгадна ўвайсці ў СГА разам з Беларуссю, і чаму яна не будзе гэтага рабіць? Як Мінск плануе cаўладаць з ростам знешняй дзяржпазыкі ― “Праблемай 2012”? Над гэтымі і іншымі пытаннямі разважае эксперт Еўрарадыё Сяргей Чалы.
Мытны саюз не чыніць перашкодаў для ўваходу ў СГА

Сяргей Чалы: Лічыцца, што па шляху ўступлення ў Сусветную гандлёвую арганізацыю [далей ― СГА] далей за ўсіх прасунулася Расія. І, здаецца, яна ўзнавіла перамовы адносна ўваходу ў СГА, і, магчыма, нават да канца года ў яе атрымаецца туды ўвайсці. Наконт гэтага нешта напэўна сказаць складана. Затое напэўна можна сказаць, што Беларусь не так далёка ад яе адстала, як здаецца. І калі б была на тое палітычная воля... 

Еўрарадыё: А што рабіць з тым, што мы цяпер уваходзім у іншае міждзяржаўнае ўтварэнне ― Мытны саюз?

Сяргей Чалы: Сам Мытны саюз, натуральна, нікуды не ўступіць. Гэта якраз быў спосаб нікуды не ўступаць праз крыўду на ЗША, якія зацягвалі ўступленне ў СГА Расіі. А ўступаць нам трэба, і ўступаць трэба асобна. І як мага хутчэй, да заканчэння Дахійскага раўнда. Бо калі новыя краіны-ўдзельніцы СГА ўвядуць нейкія свае дадатковыя патрабаванні ― нам давядзецца пачынаць працу па іх выкананні ад самага пачатку. 

А Мытны саюз ніякай карысці, ніякай дапамогі па ўступленні ў СГА нам не дае.

Дахійскі раўнд
― гэта перамовы наконт лібералізацыі гандлю сельскагаспадарчай прадукцыяй і некаторымі катэгорыямі прамысловых тавараў. Яны пачаліся 1 студзеня 2001 года пасля рашэння чацвертай міністэрскай канферэнцыі СГА ў Досе, сталіцы Катара. Галоўнымі перашкодамі на шляху перамоваў сталі пытанні пра скарачэнне субсідыяў на сельскую гаспадарку развітых краінаў-удзельніц СГА, пра памяншэнне мытных пошлінаў ЕС і пра адкрыццё рынкаў краінаў, якія развіваюцца, для прамысловай прадукцыі з развітых краінаў.

У чэрвені 2009 года генеральны дырэктар СГА Паскаль Ламі выказаў надзею, што Дахійскі раўнд скончыцца да 2010 года, аднак перамовы дагэтуль не завершаныя.

Еўрарадыё: Дык, можа, ён чыніць перашкоды?

Сяргей Чалы: Наўрад ці. Бо структура нашай эканомікі для працэса ўступлення ў СГА ніякай праблемы не стварае. Не трэба, каб у краіне была рынкавая эканоміка, для таго, каб уваходзіць у СГА! Ёсць прэцэдэнты. Напрыклад, там ужо даўно ёсць Куба. Венгрыя ўваходзіла яшчэ не ў СГА, але ў папярэдніцу СГА ― GATT (Генеральнае пагадненне па тарыфах і гандлі). Галоўнае ў Сусветнай гандлёвай арганізацыі ― гэта свабода перамяшчэння і абарона інвестыцыяў.

А працэс там такі. Ёсць працоўная група з зацікаўленых краінаў. З імі ўзгадняюцца ўсе пытанні. І пагадненні, якія ў выніку заключаюцца, робяцца базісам для супрацоўніцтва і з усімі астатнімі краінамі. Дык вось, з усіх краінаў, якія пакуль што не ўвайшлі ў СГА, у нас гэтая працоўная група самая маленькая. Там недзе 30 краінаў. І прыкладна з паловай мы ўсе пытанні ўзгаднілі. Але ў нас гэты рух перапыніўся з палітычных прычынаў.

Расіі было б выгадна ўваходзіць у СГА разам з намі

Еўрарадыё: Тым не менш, пэўныя праекты наконт уваходу ў СГА Мытным саюзам усё ж абмяркоўваліся. Ці ўсур’ёз гэта было?

Сяргей Чалы: Ёсць такая цікавая версія... Не мая, не буду сабе прыпісваць аўтарства. Але тым не менш. Як мы ведаем, галоўнае пытанне, якое ў СГА да нас ёсць, ― гэта пытанне дзяржаўнай падтрымкі нашай сельскай гаспадаркі. Яна ў нас, калі па мінімуме яе лічыць, складае каля 8-10% адсоткаў валавага ўнутранага прадукта. Гэта прамыя субсідыі, адрасныя, якія можна памацаць рукамі. Але ёсць яшчэ шмат ускосных, доля якіх даходзіць ледзь не да ¼ ВУП.

У прынцыпе, падтрымка сельскай гаспадаркі ў межах СГА можа аказвацца. Але прамая падтрымка, якая, па сутнасці, з’яўляецца пратэкцыянісцкім захадам, мусіць быць абмежаваная. І мы спрачаліся наконт таго, што лічыць такімі мерамі. Ёсць зялёны, блакітны і жоўты кошыкі. Тое, што ў жоўтым ― самае забароненае: тое, што датычыцца адраснай падтрымкі і гандлёвых пазіцыяў. А зялёны кошык ― гэта падтрымка інфраструктуры, крэдытаў і г.д. ― самае простае.

Еўрарадыё: Нешта мы вельмі здалёк пачалі. Пры чым тут увогуле сельская гаспадарка?

Сяргей Чалы: Калі дзяржава ўваходзіць у СГА, яна атрымлівае ільготны перыяд паступовага зніжэння мытных пошлінаў. Яго даўжыня разлічваецца з велічыні субсідыяў, якія дзейнічалі ў краіне пару гадоў да ўступлення ў СГА. Адпаведна, чым вышэйшы іх пачатковы ўзровень, тым даўжэй мы будзем захоўваць падтрымку.

Глядзім на Расію: там субсідыяў у сельскую гаспадарку амаль няма. Яны істотна ніжэйшыя за беларускія, бо ў гады “дзікага капіталізму” іх сельская гаспадарка была кінутая на волю лёсу. І зараз яны атрымалі праблемы з малочнай прамысловасцю і г.д., але не ў гэтым сутнасць...

Еўрарадыё: ...сутнасць у тым, што, калі б была магчымасць узгодненага ўваходу ў СГА, мы маглі б падзяліцца з Расіяй і Казахстанам ільготай, заснаванай на нашых істотных субсідыях у сельскую гаспадарку.

Сяргей Чалы: Мог бы атрымацца цікавы размен. Бо ¼ ВУП на дзяржпадтрымку ― гэта для нас вельмі дорага. І мы апошнім часам імкнемся скараціць гэтыя выдаткі не таму, што мы хочам трапіць у СГА, а таму, што ў нас грошай на іх не стае. Без унутраных расійскіх коштаў на энерганосьбіты мы не будзем мець магчымасць аказваць гэтую падтрымку. А Расія без нас не атрымае палёгку пры ўваходзе ў СГА. 

Еўрарадыё: Ці асэнсоўваюць гэтую магчымасць у Расіі?

Сяргей Чалы: Паўтаруся, па ўсім мяркуючы, Расія ўзнавіла працэс аднабаковага ўваходу ў СГА. Зрэшты, гэтага вельмі хоча Мядзведзеў. Пуцін, наадварот, больш зацікаўлены ў руху да СГА Мытным саюзам. Праўда, пакуль не зразумела, як гэта зрабіць юрыдычна. Але Мядзведзеў хоча праз самастойны ўваход у СГА замацаваць свой персанальны поспех у паляпшэнні стасункаў з Баракам Абамам. А прэзідэнт у Расіі пакуль што ― Мядзведзеў.

Праблема 2012

Сяргей Чалы: Расія адназначна была ўпэўненая ў тым, што Беларусь ад яе нікуды не падзенецца. Яна вырашыла, што можна пераходзіць да адкрытага ціску ў разліку на тое, што нас можна голымі рукамі ўзяць. Але гэта не атрымалася нідзе. У фінансавай сферы, напрыклад, ад нас пагрозу адвёў МВФ, калі павялічыў крэдыт на 1 мільярд долараў. 

Еўрарадыё: І ўжо нейкі час ідуць перамовы пра 15-мільярдны крэдыт ад Кітая. З сярэдзіны чэрвеня адны СМІ пра гэты крэдыт пішуць, што Кітай гатовы яго вылучыць, іншыя ― пра тое, што Беларусь гатовая яго прыняць...

Сяргей Чалы: Так. Часткова гэта будзе міждзяржаўны крэдыт, часткова ― крэдыт ад “Эксімбанка” на інвестыцыйныя праекты. Нават калі 1/3 ад яго будзе міждзяржаўная, гэта дазволіць нам вырашыць праблему 2012/13 года. А праблема ў тым, што ў гэты час у нас рэзка ўзрастае кошт абслугоўвання знешняй пазыкі.

Сканчаецца grace-period [ільготны перыяд выплаты адсоткаў ― заўв. Еўрарадыё] па 3,5-мільярдным расійскім крэдыце, які мы атрымалі ў 2007 годзе. І плюс згаданы крэдыт МВФ, пік выплат па якім таксама прыходзіцца на гэтыя гады. Таму, калі мы здолеем тактычна скарыстацца Мытным саюзам для таго, каб змякчыць энергетычны разрыў з Расіяй, ― мы выканаем і стратэгічную задачу фінансавага выжывання.

На фота: кіраўнікі Расіі, Беларусі і Казахстана разам крочаць у СГА.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі