Вы тут

Чалы: Расія хоча спыніць схемы беларускага рээкспарту

Сяргей Чалы / Еўрарадыё

Расійскі прэм'ер Міхал Мішусцін сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам 16 красавіка, каб дамовіцца наконт дарожных карт па ўніфікацыі падатковага заканадаўства і адміністравання, упэўнены незалежны аналітык Сяргей Чалы.

Мінфін казаў пра тое, што ўніфікацыя падатковага заканадаўства і адміністравання не ў інтарэсах Беларусі. Гаворка ішла, апроч іншага, не толькі і не столькі пра падатковае адміністраванне, а пра тое, што нам прапанавалася перайсці на праграмнае забеспячэнне мытнага кантролю і ўліку руху тавараў на мяжы не толькі супольнай, але і на вонкавым контуры. Думаю, гэта з'яўляецца самым цікавым.

Пераход на расійскае ПЗ мытнага кантролю цікавіць Расію з-за ўсё большага ліку схем і выкарыстання шчылін мытнага заканадаўства з боку Беларусі.

Уключаючы элементарную кантрабанду, гісторыю з нафтапрадуктамі, кветкамі і іншае, — кажа Сяргей Чалы. — Цікавасць з боку Расіі цяпер не столькі ў тым, каб эканамічна паглынуць Беларусь, колькі спроба перайсці на рускі софт. Гэта будзе азначаць, што ўсе шчыліны, з дапамогай якіх набліжаныя да цела імператара зарабляюць, увесь гэты схематоз перастане працаваць.

Аналітык падкрэслівае, што схемы існуюць не без інтарэсаў з расійскага боку. Але гэта інтарэсы не бюджэту Расіі, а пэўных асоб.

Інтарэсы Расійскай дзяржавы палягаюць у тым, каб з такога роду схемамі скончыць. Гэта могуць быць эканамічныя прычыны, палітэканамічныя, таму што мы бачым, што цяпер скандалаў з гэтымі схемамі ўсе больш. Мабыць, грошы вельмі моцна патрэбныя. Эканоміка не зарабляе так шмат, як хацелася б. Я заўсёды кажу, што дыктатура — гэта дорага.

Сяргей Чалы зважае, што Міхал Мішусцін — добры кандыдат, каб вырашыць гэта пытанне.

Успомнім бэкграўнд самага Мішусціна. Гэта чалавек, які зрабіў сабе кар'еру фактычна як метабухгалтар. Чалавек, які навучыўся выбудоўваць дзяржфінансы: у падатковай, мытнай сферы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.