Вы тут

Чалы: патрэбна не асіміляцыя беларусаў за мяжой, а выбудоўванне супольнасцяў

Сяргей Чалы / Еўрарадыё

— У нашым выпадку не пра геапалітыку ідзе гаворка. Захад не чакае ад нас нічога, яны проста хочуць бачыць побач нармальную краіну з нармальнай уладай, народ якой робіць добра для сябе, а не для каго-небудзь, — такое меркаванне выказвае ў праграме "Чалы live" незалежны аналітык Сяргей Чалы.

У апошнім стрыме на сваім ютуб-канале Чалы разважае пра Беларусь пасля Лукашэнкі, наступствы страты даверу да дзяржавы і беларусаў на эміграцыі.

Спрыяльныя ўмовы для "мафіёзнай" дзяржавы
 

У Беларусі руйнуюцца базавыя асновы, на якіх існуе не толькі эканоміка, але і грамадства ў цэлым. Адбываецца знішчэнне даверу да інстытутаў, да праваахоўных органаў, судовай сістэмы. Гэта надзвычай цяжкая сітуацыя.

На самай справе на руках у нас умовы лагічнага выспявання мафіёзнай дзяржавы. У людзей з'яўляецца нежаданне звяртацца ў праваахоўныя органы для вырашэння прыватных спрэчак, узнікае недавер да інстытутаў дзяржавы. Гэта заўсёды нараджае самыя спрыяльныя ўмовы для таго, каб месца дзяржаўных структур займалі паралельныя структуры, з прыкладам якіх мы сутыкаліся ў 90-я гады.

Але трэба аддаць належнае беларускаму народу. Тое, што ўсё пералічанае не адбываецца цяпер, гаворыць пра тое, што беларускае грамадства аказалася мацнейшым за гэта. І гарызантальныя сувязі цяпер ёсць надзеяй на крыніцу даверу, таму што ў самім грамадстве цяпер няма адзінага вылучанага цэнтра генерацыі даверу.

Беларусы не павінны ператварацца ў грамадзян Літвы і Польшчы

Беларусы ў Польшчы / Еўрарадыё

Велічыня эміграцыі становіцца вельмі прыкметнай у суседніх краінах. Беларусь страчвае людзей, чалавечы капітал. Ужо неабходна з боку тых, у каго ёсць магчымасці — краін Захаду, міжнародных структур, — арганізоўваць праграмы для беларускіх дыяспар у краінах, якія мяжуюць з Беларуссю.

У інтарэсах і беларусаў на эміграцыі, і тых, хто застаецца ў краіне, не асіміляцыя беларусаў па адным за мяжой, а наадварот — выбудоўванне арганізаванай супольнасці, не трэба, каб беларусы ператвараліся ў грамадзян Літвы, Польшчы і гэтак далей. Першы станоўчы прыклад, які прыходзіць у галаву, — гэта "чайна таўны".

Трэба быць гатовымі да доўгага сцэнара
 

Мы ўжо бачылі некалькі хваляў эміграцыі з Беларусі. У большасці выпадкаў гэтыя людзі былі незваротна страчаныя для эканомікі краіны, грамадзянскай супольнасці.

Хацелася б, каб цяпер гаворка ішла не пра тое, як уладкаваць жыццё беларуса ў якой-небудзь краіне, а пра калектыўныя стратэгіі, каб потым гэтыя інстытуты былі рэсурсам для пераўтварэнняў. Калі наступіць той самы час Х.

Не толькі змяніць уладу, але і дамагчыся трансфармацыі грамадства
 

Што будзе пасля Лукашэнкі? Гэта будзе залежаць ад таго, як здарыцца гэта "пасля". Ёсць велізарная колькасць гісторый пра тое, што змена аднаго "цмока" прыводзіць да перадачы ўлады іншаму "цмоку".

Змена ўлады якім хочаш спосабам часцей за ўсё не мяняе характару палітычнага рэжыму. Наша ж мэта, за якую людзі выходзілі на пратэсты, заключаецца ў тым, каб не толькі змяніць уладу, а дамагчыся трансфармацыі і грамадства, і рэжыму для пабудовы мадэрновага грамадства.

І самае важнае: не пра геапалітыку ідзе гаворка. Ад усіх заходніх палітыкаў я чую якраз тое, што важна не забываць: што ў беларусаў не стаіць геапалітычны выбар. Захад не чакае ад нас нічога, яны проста хочуць бачыць побач нармальную краіну з нармальнай уладай, народ якой робіць добра для сябе, а не для каго-небудзь.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.