Чалы: Эканоміка запавольваецца, бо па ўсіх кампанентах у нас правал

Чалы: Эканоміка запавольваецца, бо па ўсіх кампанентах у нас правал

У 2016 годзе ВУП Беларусі ўпаў на 2,6%. Гэта на 1,2 працэнтнага пункта лепш, чым летась, калі глыбіня падзення дасягнула 3,8%, але далёка ад выхаду з рэцэсіі, пра які два месяцы таму казаў прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў.

Дзе найбольш "правалілася" Беларусь? Незалежны аналітык Сяргей Чалы прапануе раскласці ВУП на кампаненты па спажыванні: прыватнае спажыванне, дзяржаўнае спажыванне, інвестыцыі, чысты экспарт. 

"Па ўсіх кампанентах у нас быў правал, — мяркуе эксперт. — Прыватнае спажыванне скарацілася, бо ўпалі даходы насельніцтва. Дзяржаўнае скарацілася, бо яго разгул быў прычынай тых крызісаў, якія ў нас рэгулярна адбываліся, і цяпер яно скарачаецца кожны год. Скараціліся праграмы дзяржпадтрымкі, а таксама інвестыцыі ў будаўніцтва і закупку абсталявання. Ну і цэны на наш экспарт падалі хутчэй, чым цэны на наш імпарт".

Таксама падзенне ВУП можна раскладаць па галінах вытворчасці. На думку эксперта, найбольш нашу эканоміку запавольвалі харчовыя войны з Расіяй, скарачэнне паставак расійскай нафты і тое, што губляе рынкі беларускае машынабудаванне.

Нагадаем, урад цягам года пагоршыў прагноз па ВУП з +0,3% да -2%. Эксперты МВФ увесь гэты час таксама гублялі аптымізм. У кастрычніку 2015 года яны прагназавалі падзенне беларускага ВУП на 2%, а ў кастрычніку 2016-га — ужо на 3,7%.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі