Чаго бракуе новай “яблычнай прадукцыі”

Увечары 9 сакавіка Apple прадставіў свае новыя прадукты: наручны гадзіннік Apple Watch. Ён будуць каштаваць ад 349 да 17 000 долараў у залежнасці ад металу, з якога выраблены іх корпус, і раменьчыка.

І новы звышлёгкі ноўтбук MacBook. У ЗША ён будзе каштаваць ад 1300 долараў за малодшую мадэль, да 1 600 — за старэйшую.

Новы MacBook

Расійскі аглядальнік Раман Юр’еў лічыць, што Apple нанова вынайшла ноўтбук, бо канкурэнты і блізка не маюць нічога падобнага. Тут вам і мінімальныя габарыты, і вага ў 920 г, і шыкоўны Retina-дысплей з IPS-матрыцай, і даволі магутнае начынне, здольнае працаваць без падзарадкі 9-10 гадзін, і клавіятура з новым механізмам клавіш і сістэмай падсвятлення, і трэкпад з тактыльнай аддачай і вызначэннем сілы націску.

Аглядальнік мяркуе, што з’яўленне новага MacBook прывядзе да зменаў на рынку высокіх тэхналогіяў: “Чаго ж не хапае новаму MacBook? Напэўна, парачкі звычайных партоў USB і MagSafe. Але Apple заўжды была наперадзе ўсіх у галіне ўкаранення новых стандартаў і адмовы ад старых. Прыйшоў час рабіць гэта зноў”.

Новы Apple Watch

Аглядальнік Юры Мілаш мяркуе, што новы гадзіннік Apple Watch мае шэраг станоўчых і адмоўных бакоў. Так вялікая праблема — гэта час аўтаномнай працы, і тое што многія людзі дагэтуль не зусім разумеюць, навошта ім наогул такая прылада. Аднак, мяркуе Мілаш, Apple пайшла іншым шляхам і нівелявала гэтыя недахопы модным аздабленнем, клопатам пра здароўе карыстальнікаў, а таксама шырокімі магчымасцямі самой прылады.

Аглядальнік адзначае, што праграмная платформа Apple Watch ужо цяпер выглядае больш прывабнай за Android Wear, асабліва для ўладальнікаў iPhone.

Спецыяліст кансалтынгавай фірмы CCS Insight Бэн Вуд мяркуе, што ў Apple атрымаецца прадаць мільёны гэтых гадзіннікаў, бо ёсць  пастаянны попыт суперпрыхільнікаў кампаніі, якія гатовыя купіць практычна любы “яблычны прадукт”.

Але, адзначае спецыяліст, кампанія мае іншую праблему: як прымусіць звычайных уладальнікаў iPhone купіць гэты “разумны гадзіннік”? Бо нават цяпер пакупнікі не разумеюць, навошта ў жыцці ім можа спатрэбіцца такі гадзіннік”.

Больш за тое, каб уладальнік новага гадзінніка змог карыстацца спадарожнікавай навігацыяй, прыёмам тэлефанаванняў ці адсылкай тэкставых паведамленняў, ён будзе павінен мець iPhone 5 або больш познюю мадэль смартфона. Гэта загадзя абмяжоўвае лік патэнцыйных карыстальнікаў.

Аналітык Deutsche Bank Шэры Скрыбнер у інтэрв’ю іспанскай el Pais кажа: “Я не магу меркаваць, ці стануць новыя прадукты хітом або нечым сапраўды наватарскім, але намер кампаніі Apple ясны: зноў перабудаваць рынак сваімі інавацыйнымі прапановамі, так, як яны зрабілі гэта з іPod і музычнай індустрыяй ці з iPhone і тэлефоннай сувяззю”.

Новая “яблычная прадукцыя” трапіць у продаж у Вялікабрытаніі, ЗША, Францыі, Германіі, Японіі, Канадзе і Аўстраліі 24 красавіка.

У мінскай краме i-Store кажуць, што пакуль невядома, калі дакладна новая прадукцыя з’явіцца ў Беларусі, але крамы пачнуць адсылаць перадзамовы з 10 красавіка.

Фота: apple, hodinkee.com, iphones.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі