Чацвёрты кіраўнік КДБ пратрымаўся толькі 2 гады

17 ліпеня быў адпраўлены ў адстаўку старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі Сцяпан Сухарэнка. Афіцыйная прычына такога рашэння – пераход на іншую пасаду. Яго заступнікам стаў Юры Жадобін, які з 2003 года быў начальнікам службы бяспекі прэзідэнта. Еўрарадыё вырашыла пашукаць агульныя тэндэнцыі і адрозненні ў зменах кіраўнікоў КДБ.
За апошнія 12 год гэтая пасада належыла 4 асобам.

Палітолаг Аляксандр Фядута ахарэктарызаваў кожнага з гаспадароў Камітэта дзяржбяспекі так:

Аляксандр Фядута:-- Уладзімір Ягораў быў чалавекам старой фармацыі дастаткова дэмакратычных, як кажуць, перакананняў і пратрымаўся нядоўга. Сышоў у парламент, а зараз, наколькі я разумею, увогуле сышоў з палітыкі. Лёс уладзіміра Мацкевіча, прафэсійнага чэкіста, таксама вядомы: зараз ён прадстаўляе Рэспубліку Беларусь у якасьці пасла ў Сербіі і Чарнагорыі.

З ім звязаная апошняя спроба камітэту дзяржбяспекі выконваць свае функцыі, нягледзячы на твары. Яго пераемнік, Леанід Ерын быў чалавекам дастаткова шэрым, аднак прафэсійным і асцярожным, ён не дазваляў сабе такіх глупстваў, якія дазваляў Сцяпан Сухарэнка.

Цікава, што ніводны з кіраўнікоў КДБ не перажыў на пасадзе дзвюх прэзідэнцкіх кампаній, а рэферэндум 2004 года стаў той падзеяй, якая перадвызначыла замену Ерына Сухарэнкам. Апошні на той момант узначальваў упраўленне КДБ па мінскай вобласці – і менавіта вялікі адсотак прагаласаваўшых “за” права для Лукашэнкі выбірацца прэзідэнтам больш за 2 разы на яго тэрыторыі называлі неафіцыйнай прычынай прызначэння.

Ерын, у сваю чаргу, пайшоў у адстаўку, па некаторых версіях, з-за таго, што падчас размовы з Паўлам Севярынцам і пяцю журналістамі з назалежных выданняў ён неасцярожна сказаў, што вінаватыя ў знікненні палітыкаў, журналістаў і бізнэсоўцаў неўзабаве будуць пакараныя. Нагадаю, адбывалася размова на фоне пратэстаў супраць вынікаў рэферэндуму ў Мінску.

Варта адзначыць, што Жадобін стаў другім кіраўніком КДБ, які паходзіць з Службы бяспекі прэзідэнта. Першы -- Леанід Ерын -- узначальваў асабістую ахову прэзідэнта. Цікава, што на канфлікт паміж спецслужбамі краіны і спецслужбамі прэзідэнта намякнуў сам Лукашэнка, ён заявіў, што ён КДБ не баіцца і сам за ім сочыць.

Таксама цікава, што, прызначаючы Сухарэнку, кіраўнік дзяржавы ставіў перад новым старшынём КДБ задачы па актывізацыі дзейнасьці ў такіх накірунках, як разведка, контрразведка, барацьба з арганізаванай злачыннасцю і тэрарызмам. Апроч гэтага была размова пра амаладжэнне кадраў. А новаму кіраўніку КДБ прэзідэнт паставіў задачу як найхутчэй унесці прапановы па кадравым умацаванні стурктуры.

Афіцыйная падстава адстаўкі ад раза да разу не мяняецца, аднак грамадскасьць актыўна абмяркоўвае, што было яе сапраўднай прычынай. Адна з версій, якую на “Хартыі 97” агучыў праваабаронца Алег Воўчак – барацьба кланаў, міліцыі і спецслужбаў. Іншы варыянт – тое, што Сухарэнка быў занадта блізкім да Віктара Шэймана, які, дарэчы, у момант адстаўкі Сцяпана Мікалаевіча быў у Венесуэле.

А палітолаг Аляксандр Фядута выказвае наступнае меркаванне:

Аляксандр Фядута: -- З майго пункту гледжання, старшыня камітэта дзяржбяспекі не можа выглядаць смешным. Са снежня 2005 года толькі вельмі лянівыя людзі не смяюцца над генералам Сухарэнкам, які сцвярджае, што апазіцыя рыхтуе тэракты пры дапамозе дохлых пацукоў.

Таксама я папрасіла спадара Фядуту пракаментаваць той факт, што новы старшыня КДБ—выхадзец са Службы аховы прэзідэнта:

Аляксандр Фядута:
--Гэта значыць, што замест прафэсійнага чэкіста-правакатара, якім па сваёй сутнасці на гэтай пасадзе быў Сцяпан Мікалаевіч Сухарэнка, прызначаны жаўнера, што дакладна выконвае загады і не праяўляе залішняй ініцыятывы на мяжы з глупствам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі