Вы тут

Чацвёра асуджаных за гвалт у адносінах міліцыянераў прызнаныя палітвязнямі

Колькасць палітзняволеных у Беларусі працягвае расці / @viasna96

У Беларусі яшчэ 4 чалавекі прызнаныя палітвязнямі. Гэта — Уладзімір Жук, Аляксей Шчытнікаў, Аляксандр Зайкоўскі і Арцём Саковіч. Усе яны былі асуджаныя за гвалт у адносінах міліцыянераў падчас пратэстаў. Аднак праваабарончыя арганізацыі лічаць іх справы палітычна матываванымі і патрабуюць вызвалення.

Жук у жніўні сёлета быў асуджаны судом Светлагорскага раёна "за групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак" і за "гвалт у адносінах да супрацоўніка органаў унутраных спраў" да трох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі. Ён удзельнічаў у акцыях пратэсту ў Жлобіне і нібыта супраціўляўся міліцыі, якая разганяла людзей.

Шчытнікаў тыдзень таму асуджаны судом Маскоўскага раёна Мінска за пашкоджанне чужой маёмасці і за "гвалт або пагрозу ўжывання гвалту ў адносінах да супрацоўніка органаў унутраных спраў" да 5 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі. Сцвярджаецца, што ён ненаўмысна сутыкнуўся з аўтамабілем ДАІ, пасля чаго зазнаў напад сілавіка без апазнавальных знакаў. У паніцы з месца здарэння з'ехаў, пасля чаго здаўся экіпажу патрульнага аўтамабіля.

Зайкоўскі 7 верасня асуджаны судом Цэнтральнага раёна Мінска за пагрозу гвалтам у адносінах да супрацоўніка органаў унутраных спраў да 2 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі. Ён кінуў шкляны келіх ў аўтобус міліцыі.

За ўдзел у пратэстах 2020 года 20-гадовага мінчука Саковіча асудзілі на 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму адразу па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу.

У Беларусі на 14 верасня налічваецца 671 палітвязень.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.